Полк «Пагоня» стварае ва Украіне спартыўна-патрыятычнае таварыства

Склад таварыства і яго ўправы пакуль невядомы, але ў палку заяўляюць, што гэта будуць «беларускія ваяры, вядомыя спартсмены і грамадскія дзеячы».

9_22_1.jpg


На базе палка «Пагоня» ва Украіне будзе створана спартыўна-патрыятычнае таварыства.
«Мэтамі арганізацыі з’яўляюцца аб’яднанне беларусаў Украіны ў супрацьстаянні расейскай агрэсіі і ліквідацыі дыктатуры ў Беларусі, умацаванне і пашырэнне палка "Пагоня" ды іншых фармаванняў, падрыхтоўка рэзерву для нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі, а таксама валанцёрскай, спартыўнай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Ва Управе арганізацыі будуць прадстаўлены беларускія ваяры, вядомыя спартсмены і грамадскія дзеячы», — гаворыцца ў заяве палка.
Нагадаем, нядаўна прадстаўнік па абароне Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Сахашчыкабвясціў пра стварэнне «Паспалітага Рушэння» — нацыянальнай спартыўна-адукацыйнай арганізацыі, якая павінна спрыяць «аб’яднанню беларусаў вакол мэты абароны незалежнасці Беларусі і ўзнаўленню законнасці на тэрыторыі нашай краіны». «Паспалітае Рушэнне» будзе складацца з харугваў, кожная з якіх належыць пэўнаму гораду.
Тыдзень таму было заяўлена пра стварэнне Віленскай, Варшаўскай, Уроцлаўскай і Беластоцкай харугваў. Верагодна, спартыўна-патрыятычнае таварыства «Пагоня» — спроба стварыць такое аб'яднанне ва Украіне.