Юлія Чарняўская звольнілася з Універсітэту культуры
Пра гэта вядомы культуролаг паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
"Засталося толькі забраць працоўную кніжку. — напісала Юлія Чарняўская. — Гэта было дзіўна — таму што вельмі ўжо будзённа, быццам я ўвесь час гэтым займалася. Я хутка напісала каротую заяву, яе хутка прыняў нехта безаблічны і безназоўны, "калектыўны універсітэт". Ціха, пасрэдна, імкліва скончылася чвэрць стагоддзя.Ты ўжо даўно не быў "маім" універсітэтам. Проста тут былі Мае студэнты і Мае калегі. У тваіх сценах і цяпер засталося некалькі дзясяткаў людзей, якіх я магу назваць таварышамі і калегамі. Шмат студэнтаў, якія здарыліся і якія не. Шмат ценяў. І шмат маіх уласных спробаў...
Я трымалася доўга, але ступень неабходных кампрамісаў паміж прафесіяй і службай з кожным днём расце. Ёсць людзі, якія могуць з гэтым справіцца дзеля самых розных мэтаў: паклікання або непыльнай работкі; адліку наменклатурнай кар'еры або, наадварот, камфортнага заходу; дзеля "стабільнасці" або дзеля ідэалу — зрабіць хоць нешта добрае знутры, выгадаваўшы студэнтаў. Ёсць і іншыя памкненні самага рознага кшталту. Але ўжо не маё...
Не, мяне не выціснулі і не выгналі. Я не даставіла ім гэтага задавальнення".