Маці геяў

Напісаць гэты тэкст мяне падштурхнула смерць 25 лістапада ад невылечнай хваробы блізкага чалавека – Надзеі Івановай, сяброўкі, змагаркі за дэмакратыю, якая да апошняга ўдзельнічала ў мінскіх маніфестацыях, а прыкутая да ложку цікавала і сачыла за навінамі.

Надзея Іванова

Надзея Іванова

А яшчэ ці нават перадусім яна была актывісткай ЛГБТК+. Праўда, актывісткай з боку бацькоў дзяцей ЛГБТК+. Яна была маці гея, а, па сутнасці, у апошняе дзесяцігоддзе яна стала маці для ўсіх беларускіх геяў, якіх саромеліся родныя бацькі. Беларускі гей-і лесьбірух ведаў яе яшчэ з 2010 года, калі яна ўдзельнічала ў пікеце ў падтрымку правоў тады яшчэ проста ЛГБТК (без плюсу) і абараняла ўдзельнікаў ад амапаўцаў. Потым яна публічна выступала і заклікала бацькоў не адварочвацца ад сваіх дзяцей, калі яны прызнаюцца ім у гомасексуальнасьці.
Яна ганарылася сваім сынам-геям, яна прымала ўдзел у гей-прайдах у Кіеве, Лондане і марыла пра гей-прайд у Мінску. Надзея годна прэзентавала беларускіх бацькоў ЛГБТК+ на сустрэчах ва Украіне ці ў беларускім сеціве. На ейным прыкладзе можна было прасачыць эвалюцыю простай маці, якая раптам адкрыла гомасексуальнасьць сына. Самастойна – без дапамогі дзяржавы, супольнасці ЛГБТК+, сябровак і родных, якія проста адвярнуліся ад яе – яна прайшла шлях ад перапуджанай і самотнай да смелай і ўпэўненай маці, якая ганарылася сынам. Не адразу, не адзін год яна смялела, праз страхі і замоўчванні яна дайшла да палёгкі прыняцця сына, прыняцця, як нутранага, так і вонкавага, публічнага.
Нябачная геройка малавядомай афіцыйна нутранай вайны пад назавом гамафобія, якая дасюль раздзірае наша грамадства, Надзея Іванова здолела адкінуць прымхі, забабоны і глупоты грамадства наконт іншасьці сына і тысячы іншых сыноў і дачок Беларусі.
Наша грамадзянская супольнасць і так досыць фрагментаваная і часта не кансалідаваная, тым больш змаргіналізаваны і невядомы для бальшыні ў Беларусі спектр ЛГБТК-супольнасці, а таму мала хто ведаў яе, аб ёй не пісала прэса. Але ж трэба здаўна пачаць занатоўваць і ствараць мясцовую гісторыю ЛГБТК+ і начыняць яе памяццю і асобамі. Надзея Іванова – піянерка ў гэтай гісторыі і цудоўны прыклад кабеты, якая змяніла сябе і свае наваколле, прынамсі частыя і смелыя размовы з гамафобнымі суседзямі і сяброўкамі пачалі змяняць скутыя розумы людзей.
Адно апавяданне з майго зборніку “Песні тралейбусных рагуляў” (2016) прысвечанае якраз ёй – “Трамвайніца”. У гэтым тэксце, які яна вельмі палюбіла і хвалілася ўкраінскім сябрам, што яна і ёсць такая трамвайніца, сцісла паказана, якімі героямі з'яўляюцца не толькі геі і лесьбійкі Беларусі, а перадусім іх бацькі, асабліва тыя, хто прыняў і публічна ганарыцца сваімі дзецьмі. Часцей пішацца пра геяў і лесьбіяк і пра іх жыццёвыя шляхі і амаль цалкам ігнаруецца жыццё іх бацькоў. На аснове ейных расповедаў пра тое, як яна паступова мянялася і стала на бок сына, я і стварыў гэты рэалістычны тэкст.
Праз кавід і межы я не змог развітацца з ёю – аб чым шкадую і шкадавацьму да скону. А пакуль у нейкім здранцвенні я перачытваю ейныя шматлікія пасланні і разумею, што мы асірацелі яшчэ на адну змагарку. І змагарства тое праяўлялася не толькі ў абароне свайго сына ці ўсяго ЛГБТК+, але і ў прызнанні памылак свайго пакалення. Так, адно ейнае пасланне вельмі ўразіла мяне, у якім яна за некалькі месяцаў да сваёй смерці прасіла прабачэння ў мяне, у маладзейшага пакалення беларусаў наогул, за тое, што старэйшыя пакаленні прывялі краіну да гвалту 2020 году:
Шкада, што ўсё гэта выпала на нашых дзяцей. Гэта павінна было адбыцца з намі, бацькамі, мы дазволілі монстру тварыць такое, мы моўчкі як бараны ківалі галовамі, падпісвалі кантракты, хадзілі на выбары, а хто не хадзіў, той цярпеў. Ну што ж, любыя вы нашы, даруйце нам, што мы дапусцілі, каб цяпер вы адчулі боль, знявагу і прыніжэнне…
А таму і я больш не хачу маўчаць, не хачу, каб беларусы зноў станавіліся слабей толькі праз тое, што не ўмеюць шанаваць памяць па памерлых, асабліва калі памерлыя былі героямі і геройкамі яшчэ пры жыцці…
ТРАМВАЙНІЦАапавяданьне
Страшныя ранкавыя сыгналі будзькі. Гвалтоўнае выцягваньне з смачнага спаньня. Ранкавы горад у смузе. Мілыя і ветлыя ліхтары стараюцца спакваля ўвесьці ў дзень. Горад мёртвы, бы пасьля атамнай вайны. Цяжкія, мэрам танкі і скрыгатлівыя ўдзень трамваі ў парку чакаюць новага дня, чакаюць сваіх трамвайніцаў. Кожнага ранку здаецца Надзеі, што старыя трамваі ў ранкавым дэпо падобныя да статку ці то заснулых сланоў, ці то кароваў. Падыходзіць Надзея да свайго трамвая, здароўкаецца зь ім, лашчыць яго, бы кароўку. Кароўку, якую мела яна даўно ў вёсцы, жыўшы з маці ў мінулым жыцьці на самым ускрайку Беларусі.
Едзе ў горад. Ледзьве паўзе старая машына, ледзьве кіруе ёю змардаваная жыцьцём, але ўсё адно аптымістка трамвайніца Надзея. Ціхама напявае сабе песь-ню, гоніць думкі цьмяныя, настроі гняткія, гоніць пэўна, як выгнала калісьці без хістаньня мужа. Насамрэч, ані муж, ані былое вясковае жыцьцё больш не запаўняюць ейных думак, пакідаюць яе часьцей усяго без эмоцыяў. Іншым занятая ейная галава. Хоць і звыклася яна ўжо з навіною, усё адно, адчувае, яна ва ўсім кіруе ёю, робіць зь яе ляльку зь нейкага жудаснага спэктакля.
Хоць і цяжка ўстаецца ўранку, працу любіць сваю якраз уранку: калі горад яшчэ ціхі, калі людзі яшчэ сшэрхлыя і марудныя, калі машынаў мала на дарозе. Удзень усе нібы ашаляваюць: і пасажыры, якія ціснуцца ў ламачча-трамвай, і машыны, якія ціснуцца на рэйкі, замінаюць ёй бестурботна лётаць па горадзе, сталым нечакана родным. У горадзе, дзе цалкам зьмянілася ейнае жыцьцё. Цяпер вызначае яна яго так: да навіны і пасьля яе.
Таварышкі-трамвайніцы часта гуляюцца адна з адной, клаксоняць такім рэтра клаксонам, які, мусібыць, чулі яшчэ нашыя прабабкі. А яшчэ дзеўкі адна адной языка паказваюць і сьмяюцца. Калі-нікалі кіроўца з аўта заўважае на сьветлафоры сьмехі дзевак і пачынае таксама падладжвацца. А дзеўкі тады, разьехаўшыся ў розныя бакі, думаюць, якой жа зь іх усьміхаўся кавалер з аўта. Раней і Надзея гуляла з таварышкамі, міргала ім і зьбянтэжаным кіроўцам, а цяпер ня стала. І таварышкі, даведаўшыся ейнай навіны, ня сталі чапаць яе, толькі вочы сарамяжліва хаваюць.
Але жудасная аптымістка яна – любіць жыцьцё, цягнецца да яго, як ня б’е яе яно сваімі вялізарнымі хвосткімі крыламі. Усьміхаецца гораду, апранаецца прыгожа на працу, бы не трамвайніцай працуе, а опэрнай сьпявачкай. І любіць горад вялікі зь ягонымі пэрспэктывамі, праблемамі і магчымасьцямі. Часам едзе, вязе пасажыраў і адчувае, што не спраўляецца машына зь цяжарам чалавечым, ледзь вязе яна турботы, бядоцьці людзей. І тады стартуе, бы пэгас, трамвайніца і зносіць праблемы людзкія. Ляціць зьнічкай, весяло трасецца трамвай і ўсьміхаюцца пасажыры імклівасьці, хапатлівасьці трамвайніцы. І бачацца ім тады зусім іншы горад, калі сядзіш у вагоне, а ён шпарка круціцца ў бэтонна-залезных джунглях. Адкрываюць іншы горад змэнчаныя пасажыры, дзівяцца, што сымпатычным можа быць ён. Сыходзяць на супынку пасажыры, аглядаюць ламачча, якое нечакана ператварылася ў пэгаса, цешацца гарэзьлівасьці трамвайніцы. Трамвайніца Надзея з такой лёгкасьцю перавозіць пасажыраў з іх шматтоннымі праблемамі, турботамі і такім лёгкім шчасьцем. У трамваі так лёгка пачуваецца яна, пад канец зьмены настрой цяжэе – ня хоча вяртацца дахаты, заставацца сам-насам, з сакрэтам, які адкрыўся ўжо некаторым, з сакрэтам, які пячэ знутры. І часта думае, як такую цяжаль – навіну пякельнай гарачыні – носіць ейнае цела, возіць ламачына-трамвай. Пасьля той навіны яна цяпер пільней углядалася ў хварсістых мальцаў на супынках. З інтарэсам, амаль нахабна глядзела на іх з трамвайнага седала – ва ўсіх бачыла нешта, мроілася ёй, што гэта ейны сын. Зноў імкліва і шалёна насілася па горадзе, скіроўвала незадаволенасьць сваю ў ламачча, у жалезьзе, у шпаркасьць, у раптам абрыдлы горад.
Аднаго разу каляжанкі загаманілі пра дзяцей, пра шлюбы, пра ўнукаў. Часта аб гэтым гаварылі і дзіўнавата маўчала Надзея. Дзеўкі ж не маўчалі, нахвальвалі сваіх розных дзетак, хоць, вядома, не заусёды добрымі яны былі і жылі не заўсёды, як індыйскіх фільмах. Але ж маткі маюць звычку крыху хлусіць і калі-нікалі падфарбоўваць праўду пра сваіх. Аднаго разу пахвалілася і Надзея сваім сынам. Сынам, жыўшым з мужчынам.
Ведала, дзіва гэта для многіх трамвайніцаў, але ведала таксама, што сын ейны клапатлівы і добры, чалавечны, таму і пахвалілася – было чым. Таварышкі, праўда, хто адкрыта, хто прыхавала, разявілі ад зьдзіву, а галоўнае ад сьмеласьці сябручкі, мялкі. І ніхто слова не сказаў: ані асуджальнага, ані прыязнага. Сказала Надзея так, і крыху лягчэй стала, бо звыклася заўсёды жыць у шчырасьці з сабою перадусім. Сказала так і часткова зразумела сына, які праз прызнаньне вызваліўся, зьняў цяжаль непадымны, нязносны чалавекам. Але пасьля гэтай размовы таварышкі зьмяніліся, больш не міргалі ёй на скрыжаванках, сьветлафорах, зусім мала гаманілі зь ёю на канцавых прыпынках, калі мелі дзеўкі некалькі хвіляў перадыху. Ды Надзея ня дужа гаравала праз гэта. Працягвала перавозіць ня проста пасажыраў, але і іх клопаты, бядоцьці і дробныя перамогі штодзённасьці. Працягвала цягаць і свой цяжаль, які, падаецца, каліва лягчэў, калі лётала яна па горадзе ў старым пэнсыйным трамваі.
Цяперака ў кожным вабнявым і ня дужа хлапцу яна бачыла сына. Калі ж на супынку заўважала пару мальцаў, вярзлося ёй, што сын з каханкам зараз сядуць у ейны вагон. І тады думала, трамвай не кратнецца, не зьвязе такога цяжару і болю маці. Але не, ейны сын быу ў іншым горадзе. Зачыняла дзьверы трамвайніца ў сьлязох і ляцела-ляцела ўпарта наперад па адным і тым жа маршруце. Плакала ціха яна, і ўсхліпы ейныя разьбіваліся ў грукаце колаў і скрыгатаньні рэяк. Сьлёзы на каліва здымалі боль, і тады карціла ёй прыхінуць галаву да якогасьці там чалавека. Але не было такога, здаўна не было. Адвярнулася ад іншых, ад самой сябе, толькі да сына стала. А цяпер і ён сышоў. А цяпер і ён знайшоў да каго прыхінуць галаву, яна ж не, не знайшла, а толькі зноў згубіла. Маці адвечна губляюць, адвечна застаюцца зь нічым.
А назаўтра вусьцішны ранкавы сыгналь будзькі ня проста штурхаў яе на працу, ён нагадваў, што яна яшчэ жывая…
Уладзіслаў Гарбацкі, Песьні тралейбусных рагуляў, belarusians.co.uk, 2016ISBN: 978-0-9567951-4-4