Жонка Аляксея Стрэльнікава расказала пра абставіны яго смерці
«Сям'я папрасіла мяне напісаць гэты допіс, каб сябры ведалі, што адбылося», — зазначыла ў Фэйсбуку Алена Іванюшэнка.

Яна паведаміла, што Аляксей Стрэльнікаў у той дзень ехаў на тэатральны воркшоп у прыгожае месца на прыродзе, далёка ад населеных пунктаў. Дарогі занесла і ім давялося пераходзіць возера.
«Гэта не было легкадумнае рашэнне. Але Лёша праваліўся пад лёд. Ён выбраўся. Але стаяў моцны мароз. Дапамога не паспела прыйсці. Я ведаю, што Лёша зрабіў усё, што было ў яго сілах і больш, абы застацца тут з нашым сынам», — напісала яго жонка
«Словы “няшчасны выпадак” цяпер сталі сапраўднымі», — дадала яна.

«Давайце разам успамінаць нашага дарагога чалавека. Няхай у нас у душы боль і страта, але там павінна знайсціся месца міру і чалавечнасці. Гэтага б Лёша вельмі хацеў», — напісала яго жонка.
Нагадаем, што тэатральны крытык, рэжысёр, педагог, акцёр, арт-менеджар Аляксей Стрэльнікаў трагічна загінуў у выніку няшчаснага выпадку на выходных. Яму было 39 гадоў.
