Банкі ўвязалі курсы валют з афіцыйным
Беларускія банкі 9 студзеня вызначылі курсы куплі-продажу замежных валют, адрозныя ад афіцыйных каціровак Нацбанка не больш чым на 2%.
Паводле інфармацыі БелаПАН, прытрымлівацца такой курсавой палітыкі рэкамендаваў камерцыйным банкам Нацыянальны банк на нарадзе 8 студзеня.
Згодна з новымі каціроўкамі, якія банкі ўстанавілі раніцай 9 студзеня, максімальны курс продажу долара склаў у абменных пунктах 14.035 рублёў, што на 2% вышэй за афіцыйны (13.760 рублёў). Курс
продажу еўра таксама на 2% адрозніваецца ад афіцыйнага і склаў 16.565 рублёў.
«Курсавыя абмежаванні носяць рэкамендацыйны характар. Аднак рэкамендацыі Нацбанка, як правіла, выконваюцца пераважнай большасцю банкаў і носяць хутчэй абавязковы да выканання
характар», — адзначыў у размове з БелаПАН прадстаўнік
аднаго з банкаў.
На думку банкіраў, абмежаванні на ваганні курсаў валют, устаноўленыя рэгулятарам на наяўным рынку, накіраваны на тое, каб выключыць множнасць курсаў беларускага рубля.
«З часоў узаемадзеяння Нацбанка з МВФ востра была паднятая праблема множнасці курсаў, і тады ў якасці адной з умоў прадастаўлення фінансавання фонд выставіў такое
— недапушчэнне множнасці курсаў рубля. Ваганні курсу ад афіцыйнага ў памеры плюс-мінус 2% — гэта дапушчальны калідор, які не выклікае ў крэдытораў пытанняў адносна
множнасці курсаў беларускага рубля», — падкрэсліў прадстаўнік аднаго з банкаў.
Нагадаем, пасля ўвядзення Нацбанкам 19 сьнежня 30-адсоткавага валютнага збору ў Беларусі ўтварылася множнасць курсаў рубля. Беларускія бізнэс-саюзы ў канцы 2014 года заявілі, што такая сітуацыя
адмоўна адбіваецца на дзейнасці прадпрыемстваў, і заклікалі ўжо 1 студзеня правесці афіцыйную дэвальвацыю і вярнуцца да адзінага курсу рубля.
8 студзеня Нацыянальны банк абвясціў аб поўнай адмене валютнага збору, памер якога з 29 снежня паступова зніжаўся. У выніку прынятых рашэнняў афіцыйны курс долара дасягнуў 13.760 рублёў (18
снежня, да ўвядзення 30-адсоткавага валютнага збору, афіцыйны курс долара складаў 10.880 рублёў). Такім чынам, за апошнія тры тыдні афіцыйны курс долара ў Беларусі вырас на 26,5%.
БелаПАН