Ціханоўская: новая ўлада можа не прызнаць дамоўленасці Лукашэнкі пасля 5 лістапада 2020 года
Святлана Ціханоўская назвала прынцыпы, якіх новая Беларусь будзе прытрымлівацца ў пабудове эканамічных стасункаў з Расіяй.
«Я разумею, наколькі моцна эканоміка Беларусі звязана з эканомікай Расіі. Нам трэба будзе выбудоўваць новыя сумленныя і празрыстыя дамоўленасці з Расіяй», — заявіла яна, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі «Беларуска-расійскі экспертны дыялог», паведамляе REFORM.by.
Палітык таксама папярэдзіла, што любыя дамоўленасці, заключаныя з Лукашэнкам могуць быць пастаўленыя пад сумнеў.
«Рэжым працягвае падпісваць дарожныя карты, а беларусы працягваюць адстойваць свой суверэнітэт. Таму я хачу нагадаць, што новая ўлада можа не прызнаць дамоўленасці Лукашэнкі пасля 5 лістапада 2020 года», — сказала яна.
Святлана Ціханоўская распавяла, якімі будуць эканамічныя адносіны новай Беларусі і Расіі і назвала асноўныя прынцыпы, на якіх яны будуць будавацца.
«Першы прынцып — вяршэнства права. Любы расійскі інвестар або гандлёвы партнёр, які вядзе сваю дзейнасць законна, зможа разлічваць на абарону сваіх інтарэсаў у незалежных беларускіх і міжнародных судах. Больш не будзе рызыкі быць арыштаваным пасля перамоваў з прэм’ер-міністрам Беларусі», — адзначыла яна, намякаючы на арышт у 2013 годзе гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера.
Другі прынцып, па яе словах, — празрыстасць дамоўленасцяў. Ціханоўская дадала, што Беларусь будзе партнёрам, які выконвае свае абавязацельствы і не займаецца ўзбагачэннем за чужы кошт. У новай Беларусі будзе вітацца канкурэнцыя, не будзе спецыяльных умоў для набліжаных бізнесменаў. Яна адзначыла, што краіне спатрэбяцца інвестыцыі, у тым ліку і расійскія.