Расіянін праз палітычны пераслед у Беларусі трапіў у вышук СК Расіі

40-гадовы расіянін, фельчар Дзяніс Зорын сцвярджае, што вымушаны быў з'ехаць з Беларусі, дзе пражыў 7 гадоў і мае ўласны дом у Верхнядзвінску. Дзяніса вінавацяць у абразе мясцовага міліцыянта. Трое сутак ён правеў у ізалятары Верхнядзвінскага РАУС. Цяпер яго шукаюць у Расіі расійскія следчыя, піша «Радыё Свабода».

e93ead7e_bb54_47b3_8317_89fd16b11a5f_cx0_cy31_cw0_w1597_n_r1_st.jpg


Напрыканцы мінулага года Дзянісу Зорыну выдалі пастанову, у якой гаворыцца, што датычна міліцыянта з Верхнядзвінскага РАУС у сетцы «Верхнядзвінск за перамены live» ад імя карыстальніка Denis Zorin быў пакінуты абразлівы запіс. Па факце публічнай знявагі прадстаўніка ўлады была пачатая крымінальная справа па 369 артыкуле КК. 29 снежня Дзяніса Зорына затрымалі і змясцілі на трое сутак у ізалятар, дзе ён сустрэў Новы год. Падрабязна пра сваё ўтрыманне ў ізалятары ён напісаў на сайце litres.ru.
Дзяніс сцвярджае, што ніякага каментара адносна міліцыянта ён не пакідаў і што справа супраць яго сфабрыкаваная. А падставай для пераследу сталі яго запісы пра падзеі ў Беларусі ва ўласных сацыяльных сетках.
«Яны, відаць, іначай не прыдумалі, як прад’явіць мне мае запісы. Таму проста сфабрыкавалі справу. Я мяркую, што мне нават наркотыкі хацелі падкінуць, бо два следчыя з Віцебска былі з аддзела барацьбы з наркотыкамі. Хоць яны тлумачылі, што іх паслалі, бо не хапае супрацоўнікаў», — сказаў Дзяніс Зорын.
Дзяніс кажа, што не ведае, які ў яго цяпер статус па крымінальнай справе, бо з'ехаў з Беларусі і не меў зносінаў са следчымі. Раней ён быў падазраваным. Паводле Дзяніса, справа дагэтуль не спыненая і яго шукаюць расійскія Следчы камітэт і Генпракуратура.
«Я быў прапісаны на кватэры ў Цверы ў майго сябра. Туды прыязджала паліцыя, апытвалі суседзяў, склалі пратакол. А потым выклікалі на допыт уладальніка кватэры. І яму сказалі, што я павінен з'явіцца, мяне будуць судзіць у Расіі і дадуць штраф 40 тысяч расійскіх рублёў. Маўляў, будзе лепш, калі я сам прыйду, лепш здацца, чым жыць ва ўцёках. Але я ведаю выпадкі, калі расіян накіроўвалі назад у Беларусь і там саджалі ў турму, хоць афіцыйна Расія сваіх грамадзян не выдае», — кажа Дзяніс.
Дзяніс лічыць за лепшае хавацца, бо з судзімасцю ён не зможа працаваць у медыцыне.
«А віна якая? За нейкі каментар пра міліцыянта ў нейкім закрытым тэлеграм-чаце, якога я нават не ведаю. І шукаць чалавека ў дзвюх краінах! Яшчэ ў інтэрпол падайце. І пяцярых следчых наймаць, каб яны над гэтай справай працавалі! — кажа Дзяніс. — Мы калісьці з гэтым міліцыянтам сябравалі, пакуль у краіне не пачаліся пратэсты. Насамрэч ён савецкі чалавек, не вельмі шырокіх поглядаў».

«Па духу сапраўдны беларус»

Дзяніс піша пра сябе на беларускай мове ў адным з пастоў, што ён па пашпарце расіянін, а па духу — сапраўдны беларус. Кажа, што вырас у Расіі, у глухой сібірскай вёсцы. Восем гадоў таму яго запрасілі ў Мінск на Каляды, ён пазнаёміўся з беларускай культурай і мовай, займеў сяброў. Пасля гэтага вырашыў застацца ў Беларусі і набыў дом у Верхнядзвінску. Ён каталік, хрысціўся ў Томску.
Дом Дзяніса ў Верхнядзвінску цяпер даглядаюць сябры.
«У мяне там адключылі інтэрнэт, правайдар беспадстаўна скасаваў дамову. Магчыма, яны думаюць, што я сяджу там і пішу свае пасты».
Пасля вызвалення з Верхнядзвінскага ІЧУ 1 студзеня Дзяніс яшчэ два з паловай месяцы жыў у Беларусі.
«Я спакойна жыў дома. А ў сакавіку я паехаў у Расію, каб атрымаць дыплом у каледжы. У ліпені я меркаваў вярнуцца ў Беларусь, каб сесці ў турму. Але не паехаў. Адна з прычын — я ўзгадваў тыя трое сутак, калі я сядзеў у ізалятары. На трэція суткі я там ужо шукаў, чым мне перарэзаць вены, бо я хацеў спыніць такое існаванне. Таму ў зняволенні я мог бы з сабой нешта зрабіць. А там не будуць ратаваць, а наадварот зробяць усё, каб ты там здох».

«Я раблю гэтыя запісы дзеля маіх сяброў»

Дзяніс Зорын не збіраецца закрываць сваю старонку «УКантакце» і абяцае яшчэ больш пісаць там пра сітуацыю ў Беларусі.
«Я паглядзеў, што з маіх сяброў у Беларусі засталіся на волі толькі двое. Усе астатнія сядзяць: хто ў ЛПП, хто на зоне. Таму я хачу гаварыць, пакуль ёсць магчымасць. Бо ва ўлад галоўная мэта — каб усіх заткнуць, каб ніхто нічога не казаў. А калі ніхто не гаворыць, то нічога і няма, — кажа Дзяніс. — Я раблю гэтыя запісы дзеля маіх сяброў, якія несправядліва сядзяць. Гэта цвет беларускай нацыі, які знішчаюць фізічна і маральна. Але мы прайграем толькі тады, калі перастанем нешта рабіць і верыць».
Дзяніс піша на сваёй старонцы ў сацсетках, што Расія — гэта не месца, каб там заставаліся беларусы і расіяне, якіх пераследуюць з палітычных матываў.
«Для расійскіх улад вельмі важна, каб рэжым Лукашэнкі захаваўся. Бо калі ён не стане існаваць, то Беларусь для іх будзе страчаная».
Дзяніс спадзяецца на вяртанне ў Беларусь, хоць і не хуткае.
«Я веру, што я вярнуся ў Беларусь і гэта будзе зусім іншая краіна. Гэта адбудзецца. Я мяркую, што гэта здарыцца праз год-два».