Эканоміцы не загадаеш…
«На людзей трэба трошкі звяртаць увагу», — сказаў на тыдні кіраўнік дзяржавы. Аказваецца, яго любімае чытво ў інтэрнэце — пра забудоўшчыкаў, якія пілуюць дрэвы.
Лукашэнка паказаў, што добра знаёмы са скандаламі ў справе высечкі дрэваў «пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Мінскам», якія асвятляліся ў СМІ. «Замест таго, каб парк дзесьці закласці ці да ладу давесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё, — цытуе словы Лукашэнкі БелТА. — Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт стварыць з насельніцтвам?.. У Мінску «дастукаліся» да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пакласці дзесьці пад дарогай, як звычайна, камунікацыі».
Ён загадаў спыніць «разбой» з дрэвамі, сказаў словы пра людзей і дадаў, што інакш будзе сітуацыя, калі «ўлада сама па сабе, а людзі самі па сабе».
Усе выказванні такога кшталту нагадваюць анекдоты. Як, напрыклад, гэты. Сабраў кіраўнік адной краіны чыноўнікаў і кажа ім: «Палацаў панабудавалі, прадпрыемствы падзялілі, зямлі набралі… Трэба і пра людзей падумаць!» А нехта з тых чыноўнікаў адказвае: «Слушна! Душаў па дзвесце нам бы не зашкодзіла!»
Па-першае, ужо даволі даўно «ўлада сама па сабе, а людзі самі па сабе». Шмат таму прыкладаў могуць прывесці індывідуальныя прадпрымальнікі і тыя, каго закрануў «дармаедскі дэкрэт»… Ды што там па катэгорыях хадзіць! Хто зараз, акрамя чыноўнікаў і айцішнікаў, атрымлівае «па пяцьсот»? Большасць насельніцтва ў заробках не дацягваюць нават да канстатаванай афіцыйнымі статыстыкамі сярэдняй па краіне зарплаты. А значыць, дзяржава — сама па сабе, людзі ж выжываюць як могуць.
Што тычыцца знішчэння дрэваў, пра што казаў Аляксандр Рыгоравіч, то тут ёсць законы рынку, якія нават кіраўніку дзяржавы непадуладныя. Мы ўжо сто разоў тлумачылі, чаму зямля пад забудову ў Мінску каштуе такіх шалёных грошай. Таму што 50% кошту дома — гэта камунікацыі. Прычым, камунікацыі не толькі ў сэнсе «электрычнасць-каналізацыя», але і інфраструктура. Кватэра ля метро каштуе даражэй, чым дом у чыстым полі.
Мы пісалі і пра тое, што ўчастак для забудовы ў тым жа цэнтры Мінска з улікам хабараў і адкатаў каштуе каля мільёна долараў. Таму зразумела, што ўзнікаюць «даўгабуды»: аддаўшы такія грошы за зямлю, яе проста занялі. А вось на будаўніцтва грошай ужо не хапае…
І тут трэба не на людзей глядзець, а ствараць прынцыпова новыя ўмовы для забудоўшчыкаў. Каб яны не клалі вока на зялёныя зоны, пад якімі ёсць камунікацыі, а стваралі свае такія ж. Мяняць падыходы да будоўлі — гэта «лібералізаваць» цэлую галіну эканомікі. А з ёй непарыўна звязаныя рынкі будматэрыялаў, тэхнікі, працоўнай сілы, фінансавы рынак (тыя ж іпатэка і крэдытаванне), перапрацоўчая і здабываючая галіны… А калі будаўніцтвам займаецца замежная кампанія — гэта яшчэ і падатковы, і інвестыцыйны клімат… То бок, ланцужок такой рэформы забудовы можа пацягнуць за сабою рэформу ці не ўсёй беларускай эканамічнай мадэлі. А тады ад той сістэмы, якую дзесяцігоддзямі выбудоўваў Аляксандр Рыгоравіч, застануцца рожкі ды ножкі.
Так што, можа, у выніку гэтай нарады ў кагосьці і забяруць пару-тройку «смачных» аб’ектаў. Але карэнных зменаў чакаць проста не варта. Падобныя нарады ў кіраўніка дзяржавы — сігнал, хутчэй, трывожны, чым абнадзейваючы, бо яны прыводзяць калі не да адваротных вынікаў, то ўсё застаецца на сваіх месцах.
Чалавечая памяць ва ўмовах інтэрнэту — дзіўная рэч. Мы добра памятаем, што было гадоў 15–20 таму, але не згадваем пра падзеі трох-пяцігадовай даўніны. Але ж не далей як у 2013-м кіраўнік Беларусі ці не ўвесь год прысвяціў жыллёваму будаўніцтву, збіраў вялікія нарады, «жэстачайшэ» патрабаваў вынікаў, аж да таго, што «будаўніцтва апошняга праблемнага дома павінна быць завершана ў наступным годзе, крайні тэрмін — лета 2014 года».
Восень 2017-га — зноў праблемы з даўгабудамі. Таму што, каб быў вынік, трэба не нарады праводзіць, а сістэму мяняць. Мяняць сістэму «зверху» ніхто не збіраецца — гэта вельмі небяспечна. А таму і вынікаў не будзе.
Але, акрамя нармальных і празрыстых умоваў працы на будаўніцтва (дый на ўсё іншае) патрэбныя і грошы. І тут на тыдні раптам з’явіліся пэўныя трывожныя званочкі. Можа, яны былі і раней, але зараз пра іх даведаліся не толькі спецыялісты.
Па-першае, наш любы Нацбанк, якім мы ўсе так ганарымся за стрымліванне інфляцыі, курсу долара і ўвогуле за збалансаваную грашова-крэдытную палітыку, па словах старшыні праўлення Нацбанка Тараса Надольнага, пяты год запар знаходзіцца ў складанай фінансавай сітуацыі і не мае прыбытку. Звязана гэта з тым, што з 2008 па 2012 год Нацбанк актыўна браў удзел у механізмах падтрымання курса беларускага рубля да замежных валют, згладжваў ваганні. Адпаведна, прыцягваў дастаткова вялікі аб’ём абавязацельстваў, «бо ўнутраных рэзерваў не было, а курс падтрымліваць трэба было ў адпаведнасці з задачамі, якія ставіліся зверху». На сёння знешнія і ўнутраныя абавязальніцтвы Нацбанка складаюць 2 мільярды долараў, а ўсе атрыманыя грошы ідуць на абслугоўванне даўгоў і іншыя патрэбы.
Па-другое, каб людзі неслі ў банкі свае грошы, яны павінны мець гарантыі іх вяртання. Для гэтага было створана Агенцтва па гарантаваным вяртанні ўкладаў. Аднак грошай у гэтага Агенцтва сёння — толькі 7,2% ад агульнай сумы ўсіх банкаўскіх укладаў.
Калі ляжа, напрыклад, «Беларусбанк», у якім сканцэнтраваныя 44% ад усіх банкаўскіх укладаў насельніцтва, прывёў прыклад Надольны, «то, безумоўна, 7% можа быць недастаткова для выплаты. Але дзяржава як уласнік «Беларусбанка» нясе ўсю меру адказнасці і цяжар за свой банк. Таму дзяржава ў любым выпадку будзе свой банк падтрымліваць, ёсць грошы ў Агенцтве ці няма. Гэтае пытанне ўжо будзе насіць палітычны характар», — сказаў старшыня праўлення Нацбанка.
І вядома, як будзе падтрымліваць — уключыць друкарскі станок, у выніку чаго ўсе ўклады імгненна абясцэняцца.
Пытанне ў тым, чаму Надольны раптам згадаў «Беларусбанк», а не прывёў больш аптымістычныя прыклады збанкрутавалага «Дэльта-банка» альбо нядаўнюю сітуацыю з BSB-банкам, які пасля забароны яму аперацый з фізічнымі асобамі здолеў сплаціць грошы ўсім сваім кліентам? Няўжо не ўсё добра з «Беларусбанкам»?