У «камуналцы» з’явіцца новы дармаедскі радок?
Як з "дармаеда" спагнаць поўную аплату за ацяпленне ці газ і не закрануць «санкцыямі» астатніх? Ёсць такі механізм?
Замест “падатка на дармаедства” прапануецца спаганяць з “дармаедаў” поўны кошт асобных паслуг ЖКГ. Да прыкладу, каб тыя, хто не працуе, не плоціць падаткі і, адпаведна, не бярэ ўдзелу ў “суфінансаванні дзяржаўных выдаткаў”, цалкам плацілі за ацяпленне кватэры.
Здаецца, выйсце знойдзенае: і людзей чарговым падаткам дзяржава не абражае, і свае інтарэсы не забывае. Але цяпер уявіце сітуацыю: у сям’і з трох чалавек, якія жывуць у адной кватэры, толькі адзін з дарослых ― дармаед паводле прэзідэнцкага дэкрэта. Як з яго спагнаць поўную аплату за ацяпленне ці газ і не закрануць “санкцыямі” астатніх? Ёсць такі механізм?
Адказ на гэтыя пытанні Еўрарадыё спрабуе атрымаць у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Там, здаецца, да такога верагоднага павароту прэзідэнцкага дэкрэта не гатовыя.
“Ну… у нас паслуга ацяплення разлічваецца сыходзячы з агульнай плошчы жылога памяшкання. Незалежна ад колькасці зарэгістраваных. Таму, калі такія абавязкі будуць прапісаныя ў нарматыўна-прававым акце, то, адпаведна, будзе распрацоўвацца нейкі механізм”, ― адказваюць у Міністэрстве ЖКГ.
Не атрымаўшы ўцямнага адказу ў міністэрстве, шукаю яго ў заслужанага работніка ЖКГ, дэпутата парламента Мікалая Улаховіча.
“Усё вельмі проста: агульная сума аплаты за ацяплення дзеліцца на два, ці на тры, калі ў кватэры прапісаныя тры чалавекі, і за частку, якая выпадае на долю так званага дармаеда, бярэцца поўная аплата, а за іншыя ― з улікам дзяржаўнай субсідыі”, ― кажа Улаховіч.
А што рабіць, калі чалавек прапісаны ў адным месцы, у невялікай кватэры бацькоў, а жыве ў іншым месцы?
― На здароўе ― жывіце. Будзеце плаціць там, дзе вы прапісаны ― у маці з бацькам. Мы ж не будзем шукаць па ўсёй краіне, дзе вы там на самой справе жывяце. Можа, заўтра вы ў дзядзькі свайго будзеце жыць! Гэта абсалютна не прынцыпова.
Што цікава, дэпутат Мікалай Улаховіч, хоць і лічыць сам дэкрэт правільным і патрэбным, але ўпэўнены ― як механізм выяўлення тых, хто працуе, але не плаціць падаткі, ён не патрэбны. Бо не спрацуе так, як таго хочуць чыноўнікі.