Крабавыя палачкі расійскага вытворцы «Vici» забаранілі ў Беларусі
У Беларусі ў рыбных бургерах і крабавых палачках «Vici» знайшлі недапушчальны харчовы дадатак. З 9 сакавіка ўведзена забарона на іх увоз і рэалізацыю.
У рэестр небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту ўключылі рыбныя бургеры і крабавыя палачкі папулярнага брэнда «VICI». Пра гэта паведамляецца на сайце ведамства, піша «Люстэрка».
Небяспечнымі прызнаны бургеры з сурымі з дадаткам мяса краба скалістага ў паніроўцы абсмажаныя замарожаныя «CRABSBURGER» гандлёвай маркі «VICI» (вытворца ТАА «Вічунай-Русь», Расійская Федэрацыя, Калінінградская вобласць, Савецк).
У рэестр небяспечнай прадукцыі таксама патрапілі крабавыя палачкі (імітацыя) пастэрызаваныя гандлёвай маркі «VICI» (вытворца ТАА «Вічунай-Русь», Расійская Федэрацыя, Калінінградская вобласць, Савецк).
Паводле інфармацыі Дзяржстандарту, абодва віды рыбнай прадукцыі ўтрымліваюць недапушчальны харчовы дадатак — падсалоджвальнік сарбіт (Е420).
З 9 сакавіка ўведзена забарона на ўвоз, зварот і рэалізацыю згаданых прадуктаў у Беларусі.
Не спадабаўся Дзяржстандарту і расійскі «Зефір са смакам «Ананаса». Адзначаецца, што прадукцыя не адпавядае патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза. Фактычна ў склад прадукту ўваходзіць выяўлены ў выніку праведзеных выпрабаванняў сінтэтычны фарбавальнік Тартразін (Е102), не заяўлены вытворцам у маркіроўцы, а таксама адсутнічае папераджальны надпіс «утрымлівае фарбавальнікі».
Як пісаў «НЧ», Дзяржстандарт Беларусі дадаў у «чорны» спіс сланечнікавы рафінаваны дэзадараваны алей гандлёвай маркі «Счастье есть». Па сутнасці гэты тавар не з'яўляецца сланечнікавым рафінаваным дэзадараваным алеем вышэйшага гатунку.