«Псіхалагічныя заявы». Снапкоў не верыць у санкцыі Літвы супраць «Беларускалія»

Літва паабяцае санкцыі супраць беларускага калію ўжо ў снежні. Снапкоў распавёў, чаму не верыць у тое, што санкцыі будуць ухваленыя. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў 7 кастрычніка, што не верыць у прыпыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў. І распавёў чаму, паведамляе telegraf.by.

snopkov_skuodis.jpeg.webp

У Літве «цвёрда» абяцаюць санкцыі беларускім калійным угнаенням — ужо ў снежні гэтага года. Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Мікалай Снапкоў у тое, што санкцыі будуць прынятыя, не верыць.

Яшчэ 12 жніўня ў Міністэрстве транспарту Літвы заявілі, што транзіт беларускіх калійных угнаенняў могуць спыніць у снежні ў сувязі з санкцыямі ЗША. Пра гэта паведаміў міністр транспарту і камунікацый Літвы Марус Скуодзіс. Пры гэтым літоўскі кірунак экспарту — асноўны для «Беларуськалія».

Аднак Мікалай Снапкоў упэўнены, што гэтага не здарыцца. Паводле яго слоў, на долю беларускага калію прыпадае больш за 20% сусветнага экспарту. Снапкоў перакананы, што блакада «Беларускалія» будзе азначаць павышэнне кошту ўгнаенняў на сусветным рынку. І кажа, што размовы пра санкцыі Літвы толькі размовамі і застануцца: «Ніхто не кажа, што гэта спыніцца. Я б сказаў, што гэта такія псіхалагічныя заявы ў інтэрнэце. Бізнес расставіць усё на свае месцы. Патрэба сусветнага рынку ў гэтых прадуктах расставіць усё на свае месцы», — сказаў першы віцэ-прэм'ер пра перспектывы транзіту калію з Беларусі.

Снапкоў заўважае, што сярэдні кошт доўгатэрміновых кантрактаў (па якіх пастаўляе сваю прадукцыю Беларуськалій. — Заўв. рэд.) — крыху больш за $200 за тону калію. Пры заключэнні спотавых здзелак кошт калію за тону сёння дасягае $1 тысячы.

«Скажыце, фермерам, сельгасвытворцам свету патрэбна такая цана? Калі будзе такая цана асноўных інгрэдыентаў ураджаю, то які будзе кошт збожжа, соі? Думаю, што ў рэшце рэшт здаровае пераможа — і калій будзе прадавацца на рынку і далей».

Але пра тое, на якім этапе знаходзіцца прапрацоўка альтэрнатыўнага шляху — транзіт угнаенняў праз парты Расіі — Мікалай Снапкоў не ўдакладніў.