Літоўскі міністр пра запуск другога блока БелАЭС: «Дзень, калі яны змогуць зрабіць гэта, даволі далёкі»

Літве ўдалося не дапусціць трапляння ў краіну электраэнергіі, вырабленай на «Беларускай атамнай электрастанцыі» ў Астраўцы.

belaes_2_1.jpg


Паводле слоў міністра энергетыкі Літвы Дайнюса Крэйвіса, энергетычная блакада ўжо абышлася Беларусі ў 2 мільярды долараў. І гэта яшчэ не канец, цытуе яго «Свабода» са спасылкай на літоўскае тэлебачанне.

Дайнюс Крэйвіс агучыў такую лічбу ў кантэксце абмеркавання магчымасці запуску другога энергаблока БелАЭС. Паводле яго звестак, інвестыцыі ў гэты праект замарожаныя і Беларусь не зможа запусціць энергаблок у найбліжэйшы час.

«Дзень, калі яны змогуць зрабіць гэта, даволі далёкі, — сказаў літоўскі міністр. — Два блокі проста не змогуць працаваць адначасова, таму што беларуская энергасістэма гэтаму не адпавядае. Таму адназначна бачым, што намаганні, якія мы прыклалі да гэтага часу, ужо абышліся Беларусі дадаткова ў 2 мільярды долараў неатрыманых прыбыткаў».

Чыноўнік таксама расказаў пра досыць складаныя перамовы з калегамі ў Латвіі і Эстоніі на абмежаванне паставак электраэнергіі з Беларусі.

«Латвія прапаноўвала ўпусціць палову той энергіі, што вырабляецца на электрастанцыі ў Астраўцы. Мы не пагадзіліся, урад вырашыў, што зацвердзім нашу методыку. Гэта практычна гарантуе, што электрычнасць з БелАЭС не паступае ў Літву. Так, была незадаволенасць у Рызе і Таліне, таму прапануем перамовы аб трохбаковай метадалогіі, каб знайсці кампраміснае рашэнне», — сказаў Дайнюс Крэйвіс, дадаўшы, што па выніках перамоў магчымасць вызначэння фізічнай прапускной здольнасці сетак узяла на сябе Літва.