Рамашка: Рэзкага павышэння кошту паслуг ЖКГ не будзе

У Беларусі не будзе рэзкага павышэння кошту жыллёва-камунальных паслуг. Пра гэта заявіў журналістам начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка. 



zkch.jpg

«Заканадаўствам устаноўлена абмежаванне ў штогадовым росце кошту жыллёва-камунальных паслуг у $5 у эквіваленце з наступнай індэксацыяй суразмерна росту мінімальнай заработнай платы. Таму рэзкага павышэння кошту паслуг ЖКГ у Беларусі не прадбачыцца», — цытуе Рамашку БелТА.

Тым не менш, паводле яго слоў, узровень кампенсацыі насельніцтвам кошту паслуг ЖКГ да канца года складзе 35%.

«На сённяшні дзень ўзровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг складае каля 30%. Да канца года плануецца выйсці на 35%», — прыводзіць словы чыноўніка АФН.

Ён паабяцаў, што большы працэнт кампенсацыі будзе забяспечаны за кошт скарачэння сабекошту паслуг, а не росту тарыфаў.

Паводле яго слоў, Мінжылкамгас планамерна працуе над павышэннем якасці аказваемых паслуг і зніжэннем іх сабекошту. Адзін з удалых эксперыментаў — праца хаус-майстроў. «Укараненне спецыялістаў па комплексным абслугоўванні і эксплуатацыі шматкватэрных жылых дамоў накіравана ў першую чаргу на зніжэнне нормаў часу, нормаў працы і паляпшэнне якасці аказваемых паслуг за кошт таго, што на даручаным участку так званы хаўс-майстар выконвае ўвесь комплекс асноўных работ па тэхнічным абслугоўванні. Ніхто іншы за яго гэта не зробіць, і яго прэміяльныя будуць залежаць ад яго працы», — падкрэсліў начальнік упраўлення.

У пацверджанне эфектыўнасці укаранёнай практыкі Андрэй Рамашка прывёў пілотны праект, які быў рэалізаваны ў Заводскім раёне Мінска ў мінулым годзе. «Хаус-майстры працуюць у дамах №51, №53 к.2 па вуліцы Галадзеда. Па гэтых дамах колькасць зваротаў грамадзян знізілася ўтрая», — адзначыў ён.