Рыхтуюцца да адключэння SWIFT? Усе беларускія банкі падключаныя да расійскай плацежнай сістэмы

Усе беларускія банкі ўжо падключаныя да расійскай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення развіцця і рэгулявання нацыянальнай аплатнай сістэмы Банка Расіі Дзяніс Барышкоў.

birzha_1.jpg


«У рамках Саюза абмяркоўваюцца сумесныя крокі па міграцыі на стандарт ISO 20022 і пераход на адзіны канал інфармацыйнага абмену фінансавай інфармацыяй пры правядзенні разлікаў па ўзаемных карэспандэнцкіх рахунках. І на сённяшні дзень усе беларускія банкі падлучаныя да сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў», — цытуе прадстаўніка Банка Расіі REFORM.by са спасылкай на ТАСС.

Усяго ж да СПФС падлучаныя 38 замежных удзельнікаў з дзевяці краін. Ён таксама дадаў, што сёння ўжо ўдалося забяспечыць прыём карт унутранай расійскай аплатнай сістэмы «Мір» у Беларусі, Арменіі і Кыргызстане. Вядзецца праца ў гэтым кірунку з Казахстанам.

Інтэграцыя беларускай і расійскай сістэм перадачы фінансавай інфармацыі прадугледжана адной з 28 саюзных праграм па глыбокай інтэграцыі. Летась Нацбанк Беларусі, каментуючы магчымае адключэнне нашай краіны ад SWIFT, адзначаў, што інтэграцыя беларускай і расійскай сістэм СПФІ і СПФС дазволіць праводзіць плацяжы паміж дзвюма краінамі без выкарыстання SWIFT. На той момант да інтэграванай кропкі ўваходу былі падлучаныя шэсць беларускіх банкаў, вялася праца з яшчэ дзесяццю.