Дзмітрый Гардон: «Расія паводзіць сябе як рэкецір з 90-х: стварае праблемы, каб потым за грошы іх вырашаць»
Кіеўскі журналіст — пра тое, каму і навошта патрэбна Украіна ў перамовах Усходу і Захаду.
Сцэнар магчымага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну быў
падкінуты ў СМІ для застрашвання Захаду і Украіны, лічыць украінскі журналіст
Дзмітрый Гардон. Падобная аперацыя, на яго думку, была б выгадная абодвум
бакам, а вось нагнятанне сітуацыі прынесла пэўныя плады.
— Афіцыйныя паведамленні не даюць адказаў практычна ні на якія пытанні. Аб чым гаварылі Байдэн і Пуцін застанецца паміж Байдэнам, Пуціным і членамі іх каманд, — цытуе Дзмітрыя Гардона «Салідарнасць» са спасылкай на «Эхо Москвы». — Казаць аб тым, што павінна было адбыцца ўварванне расійскіх войскаў у Украіну, мне здаецца няправільным. Паводле ўсіх звестак выведкі, асаблівага скаплення расійскіх войскаў і тэхнікі на межах з Украінай не выяўлена.
Натуральна, расійскае войска знаходзіцца ў пастаяннай баявой
гатоўнасці, каб у выпадку чаго перасекчы расійска-ўкраінскую мяжу. Але трэба
разумець, што Пуцін не вар'ят, Пуцін не самазабойца, і ён выдатна аддае сабе
справаздачу, якія мінусы ён атрымае.
Гэта не будзе ўжо 2014 год, не будзе бязволля, нерашучасці і
адсутнасці сіл і сродкаў. Сітуацыя змянілася, і ўкраінская армія гатовая
страляць на паражэнне ў выпадку парушэння дзяржаўнай мяжы. Пуцін гэта выдатна
разумее. Далей ён, вядома, разумее ўсе фінансавыя рызыкі, санкцыі і гэтак
далей.
Мне здаецца, што нагнятанне сітуацыі ў дадзеным выпадку
выгадна было і Расіі, і ў нейкай ступені Злучаным Штатам. Расія падвысіла
стаўкі і выняла сваю выгаду, выгандлявала неабходныя прэферэнцыі. Злучаныя
Штаты, Байдэн паказаў сябе міратворцам на ўнутраным рынку, у прыватнасці.
Думаю, што нічога асабліва сур'ёзнага не планавалася.
Пра якія выгоды для Расіі ідзе гаворка? На думку Дзмітрыя
Гардона, гэта, перш за ўсё, гарантыі, што «Паўночны паток-2» будзе
працаваць, а ў дадатак — адсутнасць санкцый, якія маглі б быць прынятыя, але не
з'явіліся.
— Расія наогул паводзіць сябе як рэкецір з 90-х: стварае
праблемы, каб потым за грошы іх вырашаць. Гэта упадабаная тактыка Пуціна. Ён
вулічны пацан. Ён прывык так працаваць з заходнімі партнёрамі, як ён кажа. А заходнія
партнёры «хаваюць» і ідуць насустрач Пуціну.