Беларускаму стэндаперу Ідраку Мірзалізадэ не дазволілі застацца ў Расіі
У Расіі вынеслі "пажыццёвую" забарону на знаходжанне коміка ў краіне. Нібыта на Мірзалізадэ паскардзіліся гледачы, якія палічылі яго маналог пра цяжкасці падчас найму жылля ў Маскве абразлівым.
Масгарсуд пакінуў без задавальнення апеляцыйную скаргу адвакатаў расійскага стэндапера беларускага паходжання Ідрака Мірзалізадэ. Ён павінен будзе з'ехаць з Расіі, паведамляе "Коммерсант".
Раней расійскае МУС вынесла "пажыццёвую" забарону на яго знаходжанне ў краіне. Падставай стала выступленне Ідрака ў гумарыстычным шоў "Разгоны" на YouTube. Паведамлялася, што на Мірзалізадэ паскардзіліся гледачы, якія палічылі яго маналог пра цяжкасці падчас найму жылля ў Маскве абразлівым. У МУС гэта трактавалі як спробу справакаваць "нянавісць і варожасць у адносінах да этнічных рускіх".
Ідрак Мірзалізадэ спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе. Суд першай інстанцыі рашэнне МУС не адмяніў, але запатрабаваў ад сілавога ведамства прызначыць "разумны" тэрмін непажаданага знаходжання. Абарона спрабавала скасаваць гэтую пастанову праз апеляцыю ў Масгарсудзе, але той пакінуў скаргу "без задавальнення".
Такім чынам рашэнне суда першай інстанцыі ўступіла ў сілу. "Цяпер Міністэрства ўнутраных спраў мусіць прыняць новае рашэнне, з новым разумным тэрмінам (на працягу якога комік павінен выехаць з Расіі — Еўрарадыё)", — заявіў адвакат коміка Сяргей Бадамшын.
Нагадаем, 29-гадовы комік Ідрак Мірзалізадэ — грамадзянін Беларусі. За той выступ ён ужо быў пакараны адміністрацыйным арыштам на дзесяць сутак. Суд палічыў яго вінаватым у распальванні міжнацыянальнай варожасці (арт. 20.3.1 КаАП РФ). "Коммерсант" таксама дадае, што, па яго дадзеных, Мірзалізадэ ўжо больш за месяц знаходзіцца за межамі РФ. Ідрак Мірзалізадэ
Паводле Еўрарадыё