Санкцыі не працуюць? Беларускі «Сбер банк» збіраецца даставаць чыпы з нявыкарыстаных картак

Раней на такія дзеянні пайшоў расійскі «Сбер»: праз дэфіцыт чыпаў для новых картак было вырашана даставаць іх са старых, якія не былі выкарыстаныя.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Як паведамляе «Office Life», чыпы са старых картак збіраюцца ставіць у новыя карткі плацёжных сістэм «Белкарт» і «МИР». Паводле слоў старшыні праўлення «Сбер Банка» Ігара Мяркулава, нявыкарыстаных картак, якія можна было «разабраць», у іх каля 200 тысяч.


Праз санкцыі банкі сутыкнуліся з дэфіцытам матэрыялаў для новых картак і таму вымушана падаўжаюць тэрміны дзеяння старых. Але праблемы ўзніклі не толькі з банкаўскімі карткамі, а таксама і з грашовымі пераводамі: ад пачатку расійскага ўварвання ва Украіну ў Беларусі не працуе міжнародная сістэма пераводаў «Western Union», а зусім нядаўна «Белгазпрамбанк» спыніў працу з «Юністрымам».
У канцы жніўня банк «БелВЭБ» увёў камісію за выдачу наяўных ва ўласных банкаматах — камісія складае 0,7% ад сумы, але не меней за 7 рублёў. Банк «ВТБ (Беларусь)» у чэрвені ўвёў абмежаванні на выдачу наяўных у банкаматах для трымальнікаў картак «МИР» — максімум 5 рублёў за адну транзакцыю.


А вось, напрыклад, «Белінвестбанк» увогуле адключаны ад сістэмы SWIFT. Уладальнікі картак гэтага банка не могуць ажыццяўляць безнаяўныя грашовыя пераводы нават унутры краіны, але імі па-ранейшаму можна расплочвацца ў крамах.