«Штадлер» сыходзіць з беларускага рынку?

Ці сапраўды вытворчасць на беларускім «Штадлеры» ўжо не вядзецца, а кампанія «адтуль сышла або знаходзіцца ў стадыі сыходу», як тое сцвярджае міністр транспарту Літвы?

_belarus_czyhunka_transpart_ekanomika_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Няўжо і швейцарскі вытворца цягнікоў «Штадлер» сыходзіць з беларускага рынку? Пра гэта са спасылкай на літоўскія СМІ піша «Позірк».

Па словах міністра транспарту Літвы Маруса Скуодзіса, швейцарскі канцэрн павінен вырабіць для кампаніі «LTD Cargo» 15 акумулятарных электрацягнікоў на суму большую чым у 200 мільёнаў еўра, пры гэтым «ні адна дэталь не будзе вырабляцца» на беларускім заводзе ў Фаніпалі, паведамляе LRT.

Дамовы куплі-продажу паміж кампаніямі былі падпісаны ў сераду, 21 чэрвеня, у Вільні.

«Наколькі я ведаю з адкрытых крыніц, вытворчасць там (у Беларусі. — рэд.) спынена, кампанія сышла адтуль або знаходзіцца ў працэсе сыходу», — сказаў міністр транспарту Літвы.

Пра свой сыход з беларускага рынку швейцарскі вытворца не паведамляў. А літоўскі дэпутат Альгірдас Буткявічус выказваў сумнеў наконт пераможцы тэндару, абвешчанага пасажырскім транспартным прадпрыемствам «LTG Link». Паводле яго слоў, у швейцарскага канцэрна не толькі ёсць прадпрыемства пад Мінскам, але і яго кіраўнік падтрымлівае добрыя адносіны з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

Нагадаем, беларускі філіял швейцарскага канцэрна (ААТ «Штадлер Мінск») быў адкрыты ў 2014 годзе ў Фаніпалі (Дзяржынскі раён). Пастаўкі прадукцыі былі наладжаны ў краіны Еўропы, Азіі і Лацінскай Амерыкі.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», яшчэ тры месяцы таму стала вядома, што на беларускім заводзе «Штадлер»  звальняюць работнікаў. Аднак старшыня савета дырэктараў кампаніі Пітэр Шпулер заявіў, што закрывацца прадпрыемства не плануе, хоць і пацярпела ад санкцый. Між тым «Штадлер» быў вымушаны перанесці частку зборачных аперацый з Беларусі ў Польшчу і Швейцарыю і заявіў, што вытворчасць у Фаніпалі будзе надалей скарачацца. Цікава, наколькі на самай справе скарацілася вытворчасць?

Паводле www.lrt.lt, «Позірк»