У інтэрнэце збіраюць грошы «Савушкаваму прадукту» на пераклад упаковак
Грамадскасць працягвае абмяркоўваць магчымыя змены ў закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». Нагадаем, што ў цяперашняй сітуацыі расійская мова на нашых таварах з’яўляецца абавязковай, а беларуская можа быць дададзена толькі пры асаблівым жаданні вытворцы.

Многія кампаніі — «Гарызонт», «Слодыч», «Белрыба», МТС, Велком — ухвальна выказваліся наконт абароны беларускамоўных спажыўцоў.
Аднак не ўсе. Гэтак, Міністэрства гандлю і антыманапольнай палітыкі прывяло прыклад ААТ «Савушкаў прадукт»:

«У нашага буйнога вытворцы малака «Савушкавага прадукту» цяжкія часы — не могуць нават дазволіць наняць дызайнера і перакладчыка з рускай на беларускую мову. Калі вы хочаце піць беларускае малако з бутэлек, на якіх напісана па-беларуску (разам з рускай, казахскай і іншымі мовамі, якія ўжо прысутнічаюць), то давайце разам талакой збяром грошы на паслугі дызайнера і перакладчыка!» — напісаў у сябе ў фэйсбуку Аляксандр Лапко і стварыў збор грошай на «Талацэ».
Паводле «Нашай Нівы»