У Лукашэнкі заробак вырас у 15 разоў, а па краіне крыху больш, чым утрая, — Марголін

Пра што сведчаць дадзеныя пра прыбыткі і маёмасьць кандыдатаў у прэзідэнты?



928b77f7_d86c_4c41_a946_2642c5eeff2a_w640_r1_s.jpg

Эканаміст Леў Марголін у інтэрв'ю карэспандэнту Свабоды адзначыў, што сенсацый там не ўбачыў:

«Усё як заўсёды, усё чаканае. У саміх кандыдатаў ніякай маёмасці няма. Уся камерцыйная маёмасць зарэгістравана на жанок, якія займаюцца гаспадарчай дзейнасцю ў сям’і. Мяне, аднак, вельмі зацікавіла лічба заробку Аляксандра Лукашэнкі, якая павялічылася з 2000 году ў 15 разоў. Я паглядзеў, як жа рос сярэдні заробак па краіне за гэты час. У даляравым пералічэнні заробак гэты ўзрос крыху больш, чым у тры разы, ну амаль што ў чатыры разы. Але ніяк не ў 15! І вось гэта вельмі паказальна, што тыя абяцанні, якія Лукашэнка дае грамадзянам, ён не выконвае. Але тое, што тычыцца яго самога, яно выконваецца і нават перавыконваецца. Бо калі нават узяць 2010 год, то таксама было абяцанне падняць сярэдні заробак амаль удвая, з 500 даляраў да тысячы. Яно не выканана, наадварот заробкі знізіліся. Але ў самога Лукашэнкі рост вельмі добры і параўнальна з 2010 годам».

gdb.rferl.org__256839d8_89e4_4_824431dc12d22dd94bdc7a60e0490c6d.jpeg

Леанід Заіка

Дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка выказаўся адносна эканамічных дэкларацый кандыдатаў у прэзідэнты:

«Я ўражаны. Такога самаробнага і даволі прымітыўнага погляду на Беларусь я дагэтуль ня бачыў. То бок можна казаць, што на сённяшні дзень рэзка паменшыўся ўзровень інтэлекту, адказнага і прафесійнага падыходу да сацыяльна-эканамічных праблем развіцця Беларусі. Я ўражаны. Літаральна ва ўсіх. У іх проста няма праграм, а нейкія тэзісы, асобныя выказванні. Маўляў, пішыце свае прапановы. Але так нельга ісці на выбары. Гэта проста такая кампанія — схадзіць, як па грыбы. Можа, і грошай дадуць, каб пад’ехаць потым па грыбы на нейкай іншамарцы. Мяне гэта ўразіла. На жаль, немагчыма весці нейкую дыскусію».

www.svaboda.org