26 лістапада Еўрапейскі парламент правядзе тэрміновыя дэбаты па сітуацыі ў Беларусі
Як паведамляецца на сайце Еўрапарламента, тэма дэбатаў: «Няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі». Па выніках абмеркавання плануецца прыняць аднайменную рэзалюцыю.
Акрамя таго, піша БелаПАН, 2 снежня камітэт Еўрапарламента па замежных справах плануе абмеркаваць падзеі ў Беларусі і тое, як ЕС можа садзейнічаць дэмакратычным зменам у краіне.
Увечары 11 лістапада на сімвалічнай "Плошчы Перамен" — у двары жылога дома на вуліцы Чарвякова ў Мінску, дзе на трансфарматарнай будцы часта з'яўляецца выява «дыджэяў пераменаў», — адбыўся канфлікт. Паводле паведамлення відавочцаў, увечары туды прыехалі невядомыя і сталі зразаць белыя і чырвоныя стужкі, якімі быў упрыгожаны двор. Мясцовыя жыхары, у тым ліку Бандарэнка, спрабавалі гэтаму супрацьстаяць, завязалася бойка. Бандарэнка быў затрыманы міліцыяй і дастаўлены ва УУС Цэнтральнага раёна.
Раніцай 12 лістапада ў СМІ з'явілася фатаграфія выпіскі з бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, з якой вынікала, што Бандарэнка знаходзіўся ў аддзяленні рэанімацыі нейрахірургічнага профілю ў цяжкім стане. У выпісцы пазначана, што яго даставілі ў такім стане з РУУС на вуліцы Арлоўскай, 58. Пазней лекары паведамілі, што ў маладога чалавека цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканін галавы. Ён быў у коме. Увечары 12 лістапада мужчына памёр.