Абаронцы Курапатаў: адміністрацыя «Поедем, поедим» парушае закон «Аб правах дзіцяці»
Актывістка Курапацкай варты Ганна Шапуцька падрыхтавала зварот, у якім даводзіць, што дзеянні адміністрацыі рэстарана ствараюць умовы для асацыяльнага выхавання дзяцей.
Ганна Шапуцька звяртае ўвагу, што асартыментны пералік рэстарану ўключае 16 відаў алкагольных напояў. Увесь інтэр'ер напоўнены рознымі дэкаратыўнымі элементамі з бутэлек гарэлкі і іншых спіртовых напояў, у галоўнай зале рэстарацыі вялікі бар з вітрынай з бутэлек розных формаў, напоўненых алкаголем.
Установа з некаторых часоў стала пазіцыянаваць сябе, як «сямейны рэстаран», прапаноўваючы паслугі па арганізацыі і праведзенні розных святаў, куды павесяліцца і адпачыць прыязджаюць дарослыя з дзецьмі, у асноўным малалетнімі. Пры гэтым яны знаходзяцца разам з дарослымі, якія ўжываюць алкаголь.
«Лічым, што дзеянні адміністрацыі рэстарана «Поедем, поедим» ствараюць умовы для асацыяльнага выхавання дзяцей, парушаюць закон «Аб правах дзіцяці», у прыватнасці, артыкул 9: «дзяржава забяспечвае недатыкальнасць асобы дзіцяці, ажыццяўляе яго абарону ад прылучэнняў да спіртовых напояў»; і артыкул 22 ... «дзіця мае права на абарону ад інфармацыі, прапаганды, агітацыі, якiя наносяць шкоду яго здароўю, маральнаму і духоўнаму развіццю»», — сказана ў звароце.
Актывісты Курапацкай варты просяць даць прававую ацэнку і праверыць законнасць дзеянняў адміністрацыі рэстарана «Поедем, поедим», «спыніць практыку змяшчэння дзяцей у рэсторанную атмасферу п'янства і разгулу».
Таксама яны патрабуюць забараніць дарослым адпачываць у згаданай рэстарацыі разам з малалетнімі дзецьмі, бо там у прысутнасці дзяцей ажыццяўляюцца рэклама, рэалізацыя спіртовых напояў і тытунёвых вырабаў і іх ужыванне дарослымі.
Зварот падпісалі ўдзельнікі Варты ў Курапатах і неабыякавыя грамадзяне Беларусі. Дакумент будзе накіраваны пракурору Мінскага раёна, начальніку Мінрайвыканкама, старшыні кіравання па адукацыі і старшыні аддзела сацыяльнай і выхаваўчай працы.