Папярнянскі сельсавет адмовіўся ўзбуджаць справу супраць «Поедем поедим»

На думку чыноўнікаў, кіраўніцтва рэстарацыі не парушыла заканадаўства, праводзячы шумнае дзіцячае свята побач з Курапатамі.

Фота Алены Ляшкевіч

Фота Алены Ляшкевіч

Актывістка абароны Курапатаў Ганна Шапуцька паведаміла «Новаму Часу», што атрымала ліст з Папярнянскага сельсавета аб выніках пасяджэння камісіі, на якую актывістаў і дырэктарку «Поедем поедим» запрашалі яшчэ ў ліпені. Тады адной з прэтэнзій актывістаў да кіраўніцтва рэстарацыі стала правядзенне першага чэрвеня ля месца масавых расстрэлаў шумнага дзіцячага свята з аніматарамі, шашлыкамі і гучнай музыкай. Удзельнікі варты абароны Курапатаў знялі гэта на відэа і выклікалі міліцыю, паколькі Генпракуратура забараніла праводзіць у рэстарацыі шумныя забаўляльныя мерапрыемствы. Таксама абаронцы Курапатаў скардзіліся на тое, што ім не прадаставілі кнігу заўваг і прапаноў.
У лісце за подпісам выканаўцы абавязкаў старшыні Папярнянскага сельвыканкама Святланы Ракецкай, які атрымала Ганна Шапуцька, сказана, што дырэктарка «Поедем поедим» Святлана Дубкова не парушыла Пастанову Міністэрства культуры № 15 2004 года аб зонах аховы мемарыялу Курапаты. Вось толькі Ганна Шапуцька патрабавала прыцягнуць Дубкову да адказнасці згодна з Пастановай Мінкульта № 70 ад 2014 года і накладзенымі ПДП на працу рэстарацыі абмежаваннямі ў сувязі з сакральным характарам мемарыялу Курапаты. Аднак чамусьці чыноўнікі заплюшчваюць вочы на пазнейшыя заканадаўчыя акты і кіруюцца старымі дакументамі.

Фота прадастаўлена Ганнай Шапуцька

Фота прадастаўлена Ганнай Шапуцька

Ганна Шапуцька лічыць адказ абсурдным і некампетэнтным.
«Праблема глабальная, Беларусь будзе знішчацца такімі вось упраўленцамі на месцах. Бо як гэта — Мінкультуры не можа выдаць прадпісанне на парушэнне, а ў той жа час вось такія невукі вырашаюць лёс гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднай значнасці? Жах. Проста жах», — кажа актывістка.
Яна дадала, што будзе рыхтаваць ліст у пракуратуру, а таксама падаваць у суд на сельсавет.