Святлана Савостава аплаціць палову кошту медыцынскай экспертызы Леаніда Кулакова

Такое рашэнне прыняла сёння суддзя Першамайскага суда Мінска Наталля Петух.

Леанід Кулакоў ля суда Першамайскага раёна. Фота Арцёма Лявы

Леанід Кулакоў ля суда Першамайскага раёна. Фота Арцёма Лявы

Нагадаем, 30 ліпеня завяршыўся разгляд справы па іску актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова да Златы Савоставай, якая 27 чэрвеня 2018 года каля рэстарана «Поедем поедим» на аўтамабілі, які належаў яе маці, наехала на Кулакова і пашкодзіла яму руку. Тады суддзя Наталля Петух пастанавіла спагнаць з маці адказчыцы Святланы Савоставай маральную кампенсацыю ў памеры 500 рублёў, 34 рублі 93 капейкі за экспертызу, а таксама 76 рублёў 50 капеек дзяржпошліны.
Пасля таго пасяджэння актывіст напісаў заяву, у якой запатрабаваў спагнаць з адказчыцы грошы за правядзенне медыцынскай экспертызы, сродкі на якую збіралі талакой. Экспертыза павінна была даць канчатковы адказ, ці быў у Кулакова пералом рукі ў выніку наезда, але па сутнасці ўнесла яшчэ большую блытаніну: эксперт указаў у дакуменце пашкоджанне плечавой косткі, хаця пашкоджана была лучавая.
Сёння суддзя прыняла рашэнне: кошт экспертызы — 1870 рублёў — Кулакоў і Савостава аплацяць напалам, гэта значыць, па 935 рублёў кожны.
Леанід Кулакоў з рашэннем суда не згодны, ён лічыць, што Святлана Савостава павінна кампенсаваць увесь кошт экспертызы. Апроч таго ён плануе ў судзе дамагацца пазбаўлення Златы Савоставай правоў кіроўцы.
«Калі б іншы кіроўца збіў чалавека і з’ехаў з месца ДТЗ, яго б адразу пазбавілі правоў. А ўдзельнікаў Варты ў Курапатах можна давіць — і заставацца беспакараным», — адзначыў актывіст.  

Паплечнікі прыйшлі падтрымаць Леаніда кулакова ў судзе. Фота Арцёма Лявы

Паплечнікі прыйшлі падтрымаць Леаніда кулакова ў судзе. Фота Арцёма Лявы

Кулакоў мае намер прыцягнуць да адказнасці і экспертаў, якія далі ілжывыя заключэнні аб стане яго здароўя.
Актывіст выказвае падзяку прафсаюзу РЭП і асабіста Генадзю Фядынічу, які дапамагае яму адстойваць яго правы.