Апеляцыі Марыі Тарасенка

На гэтым тыдні абласны суд у Гомелі разгледзеў восем апеляцыйных скаргаў вядомай судовымі цяжбамі з дармаедскімі камісіямі гамяльчанкі Марыі Тарасенка. Жанчына абскарджвае адмоўныя рашэнні судоў у правядзенні ў рэгіёне 24-х акцый пратэстаў супраць сумнавядомага Дэкрэта аб дармаедах.

Марыя Тарасенка. belkagomel.by. Фота: Марыя Амеліна

Марыя Тарасенка. belkagomel.by. Фота: Марыя Амеліна

Нагадаем, раней Марыя Фёдараўна падавала пазоў у суд да адміністрацыі і іншых дзяржаўных органаў аб кампенсацыі маральнай шкоды. Жанчыну аднеслі да катэгорыі працаздольных, якія не былі заняты ў эканоміцы, а яна лічыць сябе занятай, бо выплачвае ўскосныя падаткі, робячы пакупкі ў крамах, карыстаючыся мабільнай сувяззю.
Яна перакананая, што Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» парушае яе правы. Тарасенка працягнула барацьбу з Дэкрэтам, заявіўшы ва ўсіх 24 раёнах Гомельскай вобласці вулічныя шэсці, падчас якіх хацела прыцягнуць да праблемы сваіх прыхільнікаў, якіх улада, як і яе занесла ў разрад дармаедаў.
Калі раённыя чыноўнікі паўсюдна забаранілі пратэстныя акцыі, гэтая далікатная жанчына пайшла ў суды. Яна заяўляе, што суддзі прымаюць рашэнні выключна на здагадках.
«Прайшоўшы 21 суд у гомельскім рэгіёне, я сведчу, людзі ў судовых мантыях не абараняюць правы чалавека і ў прыватнасці, права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў. Яны могуць сябе называць юрыстамі, суддзямі, прававедамі, аднак хто яны пасля таго, калі канстытуцыйныя правы грамадзян следам за чыноўнікамі абмяжоўваюць выключна здагадкамі», — абураецца Марыя Тарасенка.
6 і 8 жніўня ў абласным судзе разглядаліся апеляцыі на рашэнні судоў Кастрычніцкага, Жыткавіцкага, Брагінскага, Ельскага, Жлобінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і Лельчыцкага раёнаў і ні адна з іх не знайшла падтрымкі ў абласных суддзяў.
— «Парушэнне вашых правоў, гарантаваных міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах па справе аб'ектыўна нічым не пацверджана», — суха адказваюць ёй судовыя калегіі.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка пазіцыю судовай сістэмы ў адносінах да стандартаў правоў чалавека называе «струсінай» і заяўляе, што ўжо зусім хутка суддзі будуць саромецца сваіх рашэнняў.
«Суддзі кажуць, што рух па вуліцы групы людзей можа парушыць грамадскі парадак. Гэта як у тым анекдоце пра мужыка і знойдзены самагонны апарат. Яго судзілі за самагонаварэнне, а той запатрабаваў судзіць яшчэ больш строга. — Вы ж нічога не здзейснілі, — здзіўляліся суддзі? — Дык я ж і самагонку не гнаў! Так і тут. 24 мірныя акцыі пратэсту забароненыя толькі таму што можа быць парушаны грамадскі парадак, а суддзі робяць выгляд, што так і трэба», — пракаментаваў «стандарты» нацыянальнай судовай сістэмы праваабаронца.
Тым часам, Марыя Тарасенка не спыняецца і падае наглядныя скаргі старшыні Гомельскага абласнога суда. Яна жадае вычарпаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны, каб шукаць абарону на міжнародным узроўні. З выкарыстаннем назапашанага ў ходзе судовых цяжбаў артыкулаў яна рыхтуе скаргу ў Канстытуцыйны суд.
Ужо зусім хутка, з 1 кастрычніка ўлада прад'явіць «працаздольным, незанятым у эканоміцы» да выплаты ў 5,5 разоў больш за звычайны тарыф за газ і ацяпленне. Будзем спадзявацца, актыўнасць гэтай простай жанчыны з Гомеля дапаможа чыноўнікам зразумець абсурднасць ідэі змусіць чалавека працаваць любой цаной і за любую цану.
Паводле gomelspring.org