Аднойчы чыноўнікам давядзецца за ўсё адказаць. Урэшце, іх дзеці дыхаюць тым жа забруджаным паветрам
Яны ўвільвалі і не казалі ўсёй праўды, дбалі толькі пра тое, каб па дакументах усё было гладка. Але яны дыхаюць тым жа паветрам, так што ставіць ім будуць тыя ж дыягназы.
Журналістак і журналістаў часта абвінавачваюць у тым, што мы падтасоўваем факты, скажаем інфармацыю і падбіраем дадзеныя для матэрыялаў такім чынам, каб была магчымасць падагнаць усё пад пэўную, загадзя прыдуманую выснову. Але ніводнай, нават самай жоўтай рэдакцыі не параўнацца ў гэтым уменні з дзяржаўнымі інстытуцыямі.
Перапіска незадаволеных грамадзян і дзяржорганаў можа цягнуцца месяцамі і нават гадамі і так ні да чаго не прывесці, таму што чыноўнікі ўпарта адказваюць не на тыя пытанні, якія ім задаюць. Яны ўвільваюць у рамках закона, знаходзяць шчыліны і прабелы ў заканадаўстве, а часам, здаецца, проста здзекуюцца.
З-за чаго і для чаго чыноўнікі гуляюць у гэтыя гульні, трэба разбірацца ў кожным канкрэтным выпадку асобна — наўрад ці тут можна вывесці нейкую ўніверсальную прычыну. Ну, толькі калі ў самым агульным выглядзе. З наступствамі ўсё таксама бывае па-рознаму, але ёсць адзін вынік, які проста непазбежны: людзі губляюць рэшткі даверу уладам.
Калі нас нешта хвалюе і выклікае неспакой, то мы хочам атрымліваць адказы па сутнасці — такія адказы, якія сапраўды дапамогуць зразумець, што адбываецца.
Але чыноўнікі часта спрабуюць не адказаць на нашыя пытанні, а забяспечыць сабе якаснае прыкрыццё на выпадак пракурорскай праверкі. Гэта значыць робяць усё фармальна па законе, фактычна не вырашаючы пры гэтым заяўленых праблем.
Адзін з яркіх прыкладаў — замеры забруджвання паветра каля розных вытворчасцяў і іншых забруджвальных аб’ектаў.
Напрыклад, у адказ на скаргі на смурод ад глеістых сажалак у Мінскім раёне Мінскводаканал сцвярджаў, што перавышэнняў па канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў не было выяўлена з 2011 года. Толькі яны забыліся сказаць, што важныя паказнікі не толькі па асобных рэчывах, але і па групах сумацыі. А вось па групе сумацыі аміяку, серавадароду і фармальдэгіду толькі за шэсць месяцаў 2018 года было восем перавышэнняў, тры з якіх былі зафіксаваныя ў жылой зоне.
Яшчэ адна цікавая гісторыя з вызначэннем забруджвання паветра адбываецца ў Светлагорску. На працягу шасці месяцаў там праводзілі замеры, і вынікі былі цалкам здавальняючымі: фармальдэгіду, аксіду вугляроду, серавадароду, дыяксіду азоту і фенолу там намералі менш гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі.
Ёсць толькі адзін нюанс: абурэнне мясцовых жыхароў звязана не з гэтымі рэчывамі, а з метылмеркаптаном. А наконт зместу гэтага рэчыва ў паветры Гомельскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя не дае ніякай інфармацыі.
Альбо прэс-служба канцэрна «Беллеспаперапрам» яшчэ ў лістападзе 2018 гады паведамляла, што Светлагорскі ЦКК набыў спецыяльнае абсталяванне для аналізу выкідаў у атмасферу: «Абсталяванне дазволіць праводзіць дэталёвы аналіз і кантроль стану атмасфернага паветра на прадпрыемстве і ў яго ваколіцах. Набыты газавы храматограф AGILENT-7890 (ЗША) сертыфікаваны ў міжнароднай сістэме менеджменту якасці ISO 9001. Па паказніках дакладнасці і надзейнасці ён з’яўляецца адным з лепшых у свеце. Абсталяванне забяспечвае высакаякаснае даследаванне пробаў на наяўнасць сотняў кампанентаў, у тым ліку серазмяшчальных і непрыемных на пах газаў.
На прадпрыемстве пры садзейнічанні профільнай навуковай арганізацыі (НП ТДА „Люкэп“), якая мае багаты практычны вопыт у галіне газавай храматаграфіі, будзе распрацавана і акрэдытаваная методыка даследавання такіх складаных серазмяшчальных злучэнняў, як метылмеркаптан, этылмеркаптан, дыметылсульфід і дыметылдысульфід у рабочай зоне, прамысловых выкідах і атмасферным паветры».
Пытання, уласна, два: чаму цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя не публікуе вынікі гэтых замераў і ці праводзіліся замеры арганізацыяй, якая не зацікаўленая ў атрыманні пэўных вынікаў? Наўрад ці мясцовыя жыхары стануць давяраць інфармацыі аб забруджванні паветра, атрыманай непасрэдна ад завода, і іх недавер абсалютна апраўданы.
Але чаму ўсё так атрымліваецца? Чаму мы павінны ўсё пераправяраць за дзяржаўнымі кантралюючымі арганізацыямі? Спачатку мы аплачваем іх працу, а потым яшчэ і спрабуем дамагчыся, каб яны рабілі тое, што павінны.
А яны працуюць у такіх сітуацыях у стылі італьянскага страйку — абапіраюцца строга на інструкцыі і заканадаўства, і пры гэтым клапоцяцца не пра якасць выконваемай работы, а пра тое, каб па дакументах усё было гладка.
Фактычна яны не могуць адказаць на многія нашы пытанні, але галоўнымі па-ранейшаму застаюцца пытанні аб наступствах: што будзе далей і хто за гэта адкажа? І няхай зараз яны адчуваюць сябе беспакаранымі і ўпэўненыя, што ім можна ўсё, аднойчы ўсё-ткі давядзецца за ўсё адказаць. У рэшце рэшт, іх дзеці дыхаюць тым жа паветрам.
Наста Захарэвіч,Зялёны партал