«Аказаў непадпарадкаванне, хапаў за форму»
Міліцыя назвала сваю версію затрымання аператара «Белсата» Андрэя Козела.
Афіцыйная справаздача з'явілася на сайце ГУУС Мінгарвыканкама, паведамляе "Наша Ніва".
«Увечары 18 лютага на выбарчым участку № 27 па вуліцы В. Харужай быў затрыманы і дастаўлены для далейшага разгляду ў Цэнтральнае РУУС г. Мінска назіральнік А. Козел. Падставай для затрымання паслужылі задзірлівыя дзеянні назіральніка і яго адмова выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі па спыненні відэаздымкі падчас падліку вынікаў галасавання.
Права на вядзенне відэаздымкі грамадзянін патлумачыў прыналежнасцю да аднаго з замежных СМІ, якія не маюць акрэдытацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З мэтай спынення супрацьпраўных дзеянняў старшыня камісіі звярнуўся да супрацоўніка міліцыі, якая ажыццяўляла нясенне службы на выбарчым участку. Прадстаўніком праваахоўных органаў былі дадзены выразныя тлумачэнні грамадзяніну аб парушэнні парадку, якое мела месца, прапанавана спыніць відэаздымкі і выканаць законныя патрабаванні старшыні выбарчай камісіі.
А. Козел дадзены зварот праігнараваў, аказаў актыўнае непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі, схапіў супрацоўніка за форменнае абмундзіраванне. Для спынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да назіральніка была ўжытая фізічная сіла. Падчас выдварэння А. Козел нагой пашкодзіў шыбу дзвярэй выбарчага ўчастка.
Грамадзянін дастаўлены ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, яго дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка».
Нагадаем, журналіста Андруся Козела, які вёў трансляцыю з участка ў фэйсбук, учора, 18 лютага, затрымалі чацвёра супрацоўнікаў міліцыі. Здарэнне адбылося на ўчастку № 27 у Мінску. "Андрусь паспеў распавесці, што міліцыянты збілі яго пры затрыманні, яго галавой разбілі шкляныя дзверы на выбарчым участку, таму ўся галава аказалася рассечанай да крыві", — адзначыла Вольга Чайчыц. Андрусь вёў стрым з выбарчага ўчастка. Міліцыянты паспрабавалі забараніць яму гэта рабіць, але журналіст патлумачыў, што мае права здымаць. Тады яго схапілі і сілай выцягнулі з залі, разбіўшы галавою дзверы, — расказала жонка Козела Вольга Чайчыц.