Актывістка пра ўмовы на Акрэсціна: антысанітарыя, смурод, холад і ператрусы

Пакуль працягваюцца суды над удзельнікамі акцый супраць інтэграцыяй з Расіяй, некаторыя актывісты ўжо паспелі выйсці на волю пасля арыштаў за ўдзел у іх. Сустаршыня Руха салідарнасці «Разам» Алена Талстая правяла 5 сутак у ізалятары на Акрэсціна і распавяла пра ўмовы ўтрымання.

Алена Талстая. Фота Радыё Свабода

Алена Талстая. Фота Радыё Свабода

Алена Талстая адбывала адміністрацыйны арышт з 26 па 31 снежня. На яе думку, акрамя незаконнага зняволення, яна зазнала катаванне ўмовамі ўтрымання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Пра іх актывістка напісала ў сваім фэйсбуку.
«Мяне размясцілі ў "адстойнік" — самую халодную камеру на 1-м паверсе, тэмпература ў якой не падымаецца вышэй 14-15 °С. Туды адпраўляюць затрыманых да суда ці на тэрмін ад некалькіх гадзінаў да 3-х сутак. Я ж там была ўвесь тэрмін зняволення і атрымала бранхіт.
Умовы антысанітарныя: ніякай дэзінфекцыі ад папярэдніх пастаяльцаў ні памяшкання камеры, ні матрацаў і коўдраў не праводзілася. Коўдры брудныя, чорна-сінія з падазронымі белымі плямамі. Рызыкаваць падхапіць лішай ці каросту я не наважылася і накрывалася паліто. Людзі ж ад холаду ў гэтай камеры спалі ў куртках, паверх укрываючыся гэтымі коўдрамі.
Камеру мыць прымусілі цётку бамжацкага выгляду, пры тым аніякіх сродкаў для мыцця прыбіральні няма: смурод стаіць невыносны. Дарэчы, цётак як з нашай, так і з суседніх камер прымушалі мыць падлогу ў калідоры, ў кабінетах і прыбіральнях аховы, што абсалютна незаконна.
Я адразу заявіла пра галадоўку і ежу не прымала, Насельнікі ж камеры павінны былі мыць за сабой посуд без аніякіх мыючых сродкаў, і потым гэты посуд не перамываецца, а так і выкарыстоўваецца, таксама з'яўляючыся пераносчыкам інфекцыйных захворванняў. Так, мае суседкі з рысавай кашы выцягвалі рыбіну луску, пры адсутнасці рыбы ў "меню".
Ператрусы ў камеры рабіліся штораніцы, але пасля прагулкі невядома навошта ізноў рабілі асабісты дагляд.Асадку аб'явілі "колюще-режущим предметом" і адабралі.
Ложкі — металічныя двух'ярусныя. Другі паверх — на вышыні 160 см, без аніякіх прыступак і магчымасці чалавеку туды забрацца. Людзі спалі на падлозе ля прыбіральні...
У апошнюю ноч у камеру пасадзілі цётку. Яна маўчала, знаёміцца і ў размову ўступаць не хацела. Што зробіш, у кожнага — свае праблемы. Але калі ўночы яна пачала, зняўшы з-пад швэдэра, рваць на паскі майку, прыкрываючыся падушкай, — давялося-такі сесці насупраць і патлумачыць, што я бачу, што яна робіць, і не дам зрабіць шкоду сабе ці іншым. Спаць у апошнюю ноч не давялося...
31 снежня ў сем з капейкамі за мной прыбыў канвой, хаця да вызвалення заставалася больш за тры гадзіны. Мяне вывезлі з ЦІПа ў адсеку міліцэйскай патрульнай машыны, без вокнаў. Мне не паведамілі, куды і навошта мяне вязуць — ці на новы "суд", ці яшчэ куды... Прывезлі ў РАУС Маскоўскага раёну і пасадзілі ў глухую бетонную камеру з бетоннай лаўкай. Пасля трох гадзінаў знаходжання там аддалі рэчы — маўляў, тэрмін зняволення скончаны. Уся іх "спецаперацыя" па выкраданні мяне з ЦІПу мела толькі адну мэту — каб родныя і сябры мяне не сустрэлі, каб не было салідарнасці і падтрымкі, каб не было журналістаў і інфармацыі.
Дробязная і подлая помста подлай і беззаконнай ўлады».


Сёння Алену Талстую зноў судзілі за ўдзел у акцыі за незалежнасць Беларусі. Гэтым разам актывістка атрымала 50 базавых велічыняў (1350 рублёў) штрафу.