Да Стася Шашка з пятай спробы пусцілі адваката

4 студзеня з пятай спробы адвакату былога кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка ўдалося наведаць яго ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна, паведамляе Радыё Свабода. Дагэтуль абаронцам 4 разы адмаўлялі ў наведванні турмы — нібыта праз брак «вольных памяшканняў для сустрэчаў».

Стась Шашок

Стась Шашок

Вікторыя Фёдарава з арганізацыі «Прававая ініцыятыва» расказала Свабодзе пра вынікі сустрэчы Стася Шашка з адвакатам.
«Пераканалася, што Стась у нармальным стане, не скардзіцца на ўмовы і ежу. Атрымліваў перадачы і цяпер атрымлівае карэспандэнцыю. Трымаюць яго ў адзіночнай камэры, а раней сядзеў з бяздомным, але не скардзіўся. Стасю надалі неабходную юрыдычную дапамогу — падрыхтавалі скаргу на пастанову суду, які адправіў яго адбываць арышт. Узнікае пытанне: дзеля чаго была гэтая забарона на наведванні адваката?» — здзіўляецца праваабаронца.
Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Станіслаў Шашок 27 снежня быў асуджаны на 15 содняў адміністрацыйнага арышту за ўдзел ў мітынгах у абарону незалежнасці ў Мінску 7 і 8 снежня. 30 снежня ў турму на завулку Акрэсціна да Стася Шашка прыйшоў адвакат, але яго не пусцілі наведаць падабароннага. Новыя спробы адваката прайсці ў ізалятар да сённяшняга дня таксама былі марнымі. Паводле актывісткі «Прававой ініцыятывы», сітуацыі з наведваннем арыштантаў у ізалятары на Акрэсціна трэба надаць асаблівую ўвагу.
«Мы бачым, што гэта не аднаразовы факт, а сістэмная праблема. Як толькі на Акрэсціна трапляюць арыштаваныя за акцыі пратэсту, абаронцам штучна перашкаджаюць наведваць іх. Тое, што адбылося з Стасем Шашком, раней было і з актывістам Пятром Маркелавым. Мяркую, за час ізаляцыі на іх спрабавалі чыніць ціск, таму і не пускалі абаронцаў. Мы падрыхтавалі скаргу на такія дзеянні адміністрацыі цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў і пойдзем з ёю на асабісты прыём да начальніка гарадской управы міліцыі», — паведаміла Вікторыя Фёдарава.
На волю Стась Шашок мусіць выйсці ўвечары 10 снежня.