Павел Севярынец на волі. Яго пабудзілі ўначы, каб вызваліць
Павел Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, ужо выйшаў на волю.
Сёння, 10 студзеня, Павел Севярынец павінен быў быць вызвалены з Акрэсціна, але ў больш позні час.
Пра сваё нечаканае вызваленне актывіст распавёў у фэйсбуку. Яму залічылі 5 гадзін затрымання 18 снежня.
«Сёння мяне паднялі ў камеры ўначы і загадалі без тлумачэнняў сабраць рэчы. На калідоры ўжо чакалі двое ў цывільным.
Ну, думаю, на чарговы суд і па канвееры.
У дзяжурцы высветлілася, што мне залічылі ў тэрмін 15 сутак маё пяцігадзіннае затрыманне 18 снежня (калі здымалі на камеру папярэджанні пра дзяцей і елку на 20-е) — і суткі заканчваюцца сёння ў 06.45».
Праўда, сёння ж Паўла Севярынца ў 12.00 чакае новы, чарговы суд.