Удзельнікам акцый за незалежнасць прысудзілі штрафы
У Мінску ўзнавіліся суды над удзельнікамі акцый у падтрымку незалежнасці, якія адбыліся 7, 8, 20 і 21 снежня мінулага года. У перыяд з 8 па 10 студзеня ў Мінску і іншых гарадах Беларусі запланавана каля 50 судоў па артыкуле 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Сёння па некаторых з іх ужо прызначылі пакаранні.
У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння атрымалі штрафы:
Алена Талстая — 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Актывістку судзілі па ч. 3 арт. 23. 34 КаАП, суддзя Юлія Варакса;
Віталь Савіч — 25 базавых велічынь (675 рублёў). Атрымаў штраф па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя — Лідзія Целіца. Віктар Савіч на пасяджэнне не прыйшоў. У выніку яго судзілі не толькі за акцыю 7 снежня, але і за 20 і 21 снежня, то бок па трох пратаколах.
Вячаслаў Касінераў — 30 базавых велічынь (810 рублёў). Судзілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя — Таццяна Мотыль.
Марына Касінерава — 30 базавых велічынь (810 рублёў), таксама па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя — Юрый Машкетаў. На Марыну складзены пратакол за ўдзел у акцыі 20 снежня.
Сяргей Антончык — 30 базавых велічынь (810 рублёў) па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя — Віктар Казак. Антончык у суд не з'явіўся па сямейных абставінах. Яго судзілі за ўдзел у акцыі 20 снежня.
Актывіста Legalize Belarus Міхася Варанцова асудзілі па ч.1 арт. 23.34 КаАП; суддзя — Лідзія Целіца. Міхась Варанцоў падаў хадайніцтва аб вядзенні працэсу на беларускай мове. Актывіст атрымаў штраф у 30 базавых велічынь (810 рублёў).
Актывістку «Моладзевага блоку» Алану Гебрэмарыям таксама судзяць па ч.1 арт. 23.34 КаАП; суддзя — Таццяна Мотыль. Алана хадайнічала аб азнаямленні з матэрыяламі справы. Суддзя хадайніцтва задаволіла, абвясціла перапынак. Пасля перапынку актывістка заявіла адвод суддзі, бо не давярае ёй. Адвод адхілены. Абвешчаны перапынак да 15:00.
Алана Гебрэмарыям
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікалай Трафімчук атрымаў 20 базавых велічынь (540 рублёў) штрафу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП ад суддзі Юліі Варакса. Сам Трафімчук на пасяджэнне прыйшоў, аднак сведкі міліцыянты Сувораў і Бахановіч — не. Трафімчука прызналі вінаватым ва ўдзеле ў акцыі 21 снежня.
Мікалай Трафімчук
Святар БАПЦ Леанід Акаловіч прысуджаны да 30 базавых велічынь (810 рублёў) штрафу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП, суддзя Юрый Машкетаў. Айца Леаніда таксама судзілі за ўдзел у акцыі 21 снежня.
У судзе Пінскага раёна і Пінска таксама праходзяць суды за ўдзел у мясцовай акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй, якая адбылася ўвечары 20 снежня ў цэнтры горада. Там пачаліся працэсы над Дзмітрыем Тарасюком і Мікалаем Міхалевічам.
Паводле spring96.org