Алексіевіч у Берліне не пусцілі на самалёт, бо яна нібыта «мела пры сабе бомбу»
Учора Святлана Алексіевіч збіралася ляцець з Берліну ва Уроцлаў на імпрэзу з удзелам іншай нобелеўскай лаўрэаткі, польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук, але не здолела, піша «Свабода».
У аэрапорце яе затрымалі з прычыны таго, што пры ёй, маўляў, была бомба. Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку Фундацыя Вольгі Такарчук.
Пісьменніцу адпусцілі, калі самалёт ужо адляцеў. Бомбу не знайшлі. Арганізатары ўроцлаўскай імпрэзы "Пратэст Алексіевіч і Такарчук" паслалі ноччу ў Берлін аўтамабіль, якім беларуская лаўрэатка Нобелеўскай прэміі даехала да Уроцлава.
Па дарозе яна дала кароткае інтэрв’ю супрацоўніцы Фонду Вольгі Такарчук і Уроцлаўскага Дому літаратуры, перакладчыцы Яне Карпенцы.
— Што здарылася ў аэрапорце ў Берліне?
— Гісторыя ў стылі Лукашэнкі. У Берліне, калі я ўжо здала асноўны багаж, падчас кантролю бяспекі мае рэчы, якія я паклала на канвеер і чакала, прайшоўшы рамку, былі раптам узятыя, затрыманыя і правераныя яшчэ раз. Я падумала, што так часам бывае. Можа, я забылася выняць парфуму або нейкую іншую драбязу. Чакаю даволі доўга, бо там затрымлівалі даволі шмат людзей і правяралі багаж. Нейкія надта асцярожныя былі нашы правяральнікі. Нарэшце супрацоўнік аэрапорта зноў бярэ маю торбу, падазрона глядзіць на яе і зноў правярае нейкім інструментам. А паказвае мне, што адкрые. Я кажу: калі ласка. Я хацела яму дапамагчы, але ён сам адкрыў. І калі адкрыў, раптам рэзка адкінуў тую торбу...
— Вы паверылі, што гэта была яго сапраўдная рэакцыя?
— Так. І мне было сапраўды цікава, чаму ён так адрэагаваў. Мне сказалі, што трэба пачакаць. Я падумала, што гэта вельмі дзіўная сітуацыя. Я не ведаў, што адбываецца. Чакаю і чакаю... Нарэшце кажу, што я ўжо не толькі не дайду, але нават не паспею дабегчы да свайго самалёта. Ніякай рэакцыі. Праз доўгі час падыходзіць нейкая пані, таксама са службы аэрапорта, і становіцца побач са мной. Я пытаюся: што здарылася? А яна адказвае, што мы чакаем паліцыю. Мяне гэта здзівіла — чаму менавіта паліцыю? Стаім далей, бо той паліцыянт вельмі доўга да нас ішоў, уласна гэта была паліцыянтка, маладая жанчына, немка. Мы чакалі яе больш за паўгадзіны. Яна была ветлівая. Я падумала, што яна хоча яшчэ раз праверыць мае рэчы. Але яна нават не дазволіла наблізіцца да іх. Таму я зноў пытаюся, у чым тут справа? Паліцыянтка паказвае на маю торбу і кажа, што там бомба! Я кажу, што яны, напэўна, звар’яцелі. Потым прыходзіць наступны чалавек з нейкім інструментам і зноў правярае. Паліцыянтка кажа аднаму з інспектараў высыпаць усё, што ў маёй торбе, у кантэйнер. Ён гэта робіць, яна зазірае туды і бачыць — сярод іншага — прэс-карту, якую я мела пры сабе. Нейкі час размаўляюць... І яна дае знак, што тут усё ў парадку. А потым у мяне ўзялі іншую сумачку, дзе мой планшэт, нейкія кнігі, нататнік, які я ўзяла з сабой. Яны ўсё гэта праверылі, бомбы не было, і кажуць, што я ўжо магу ісці. Яны не папрасілі прабачэння, не пракаментавалі. На гэты момант да адлёту заставалася 5 хвілін. У мяне не было шанцаў паспець.