Алесь Бяляцкі просіць Генпракурора праверыць, чаму на Акрэсціна не пускаюць адвакатаў
У апошні час у кіраўніцтва Мінскага Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што на Акрэсціна, з’явілася заганная практыка — не дапускаць адвакатаў да адміністратыўна арыштаваных палітыкаў і актывістаў. Толькі ад пачатку траўня стала вядома пра некалькі выпадкаў парушэння права грамадзян на абарону.
Так, жонка палітыка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч распавяла сайту charter97.org аб тым, што да мужа з 29 красавіка не пускалі адваката пад рознымі надуманымі прычынамі. Ёй днямі даводзілася стаяць пад Акрэсціна, але ўсё без толку: не ўдавалася ўсталяваць ніякіх кантактаў з Мікалаем.
6 траўня не пусцілі адваката да сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, які адбывае 15 сутак адміністрацыйнага арышту ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Пра гэта агенцтву БелаПАН паведаміла ягоная маці Таццяна Севярынец.
Паводле яе словаў, на працягу шасці гадзін адвакат чакаў сустрэчы з Севярынцам, каб даведацца пра яго стан і пра ўмовы ўтрымання. Аднак яго так і не пусцілі да палітыка, абумовіўшы адмову нібыта адсутнасцю вольнага памяшкання для сустрэчы, паведаміла маці Севярынца.
У той жа дзень, 6 траўня, Галіна Сіўчык паведаміла ў сацыяльных сетках аб тым што адваката не прапускалі і да яе сына, лідэра руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, які абвясціў галадоўку ў знак пратэсту: “Да Вячаслава не пускаюць адваката і не даюць перадаць ваду”, цытуе яе словы ў фэйсбуку сайт charter97.org.
Апошні выпадак здарыўся зусім нядаўна, 9 траўня. Да паэта і палітыка Уладзіміра Някляева, які адбывае 5-суткавы арышт у ЦІП на Акрэсціна, не пусцілі адваката. Пра гэта «Белсату» паведаміла жонка Някляева Вольга.
«Іх сустрэча была запланаваная на 9 траўня. Але адвакату паведамілі, што ўсе пакоі для сустрэчы з арыштаванымі занятыя, няма магчымасці іх вызваліць. Хоць мне, вядома, з цяжкасцю ў гэта верыцца», — каментуе яна.
Па словах Вольгі, адвакат паскардзілася ёй, што ў яе практыцы такое адбываецца ўпершыню.
З гэтай нагоды старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся са зваротам да Генеральнага пракурора Беларусі Аляксандра Канюка. Праваабаронца лічыць, што вышэйпададзеная інфармацыя сведчыць аб грубым парушэнні законных правоў асобаў, якія былі падвергнутыя адміністратыўным спагнанням у выглядзе кароткатэрміновага пазбаўлення волі (адміністратыўным арыштам), а менавіта права на абарону.
«Згодна з арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыцяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў ды іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага самакіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі. Супрацьдзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца.Гарантыі прававой дапамогі ўтрымліваюцца і ў артыкуле 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь», — нагадвае ў звароце праваабаронца.
Алесь Бяляцкі дадае, што забеспячэнне права на абарону гарантавана асобам, у дачыненні да якіх вядзецца адміністратыўны працэс (арт. 2.7 ПвКаАП Рэспублікі Беларусь), а вынесеныя судамі пастановы аб адміністратыўным правапарушэнні падлягаюць абскарджанню на працягу пяці сутак з моманту абвяшчэння пастановы (арт.12.4 ПвКаАП).
«Такім чынам адмова адміністрацыі ЦІП у допуску адвакатаў да сваіх падабаронных не дае фактычную магчымасць асобам, якія адбываюць адміністратыўны арышт, выкарыстаць усе ўстаноўленыя ПвКаАП сродкі і спосабы для сваёй абароны — скарыстацца гарантаванай ім дапамогай адвакатаў у мэтах абскарджання вынесеных пастаноў у прыватнасці.
Лічу, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб наўмысных дзеяннях адміністрацыі ЦІП, скіраваных на супрацьдзеянне аказанню юрыдычнай дапамогі вышэйуказаным асобам» — выказвае сваё меркаванне кіраўнік “Вясны”.
Ён просіць Генеральнага пракурора:
правесці пракурорскую праверку па ўказаных ў заяве паведамленнях СМІ аб парушэннях законнасці і правоў грамадзян, якія адбываюць адміністратыўныя арышт у ЦІП г. Мінска;
у выпадку ўстанаўлення фактаў парушэнняў заканадаўства з боку службовых асобаў ЦІП прыцягнуць вінаватых да адказнасці, а таксама прыняць меры пракурорскага рэагавання, скіраваныя на забеспячэнне права на абарону ўказаных у заяве асобаў і ўказаць адміністрацыі ЦІП на недапушчальнасць падобных парушэнняў у будучым.
Паводле ПЦ «Вясна»