Алесь Каваленка не дазволіў апісаць ягоную маёмасць
Жыхар Бабруйска Алесь Каваленка не пусціў у свой дом судовых выканаўцаў, якія збіраліся апісаць маёмасць грамадскага актывіста для аплаты адміністрацыйнага штрафу.

Алесь Каваленка падчас пікетавання на плошчы Свабоды 12 мая
Нагадаем, што актывіст Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры 68-гадовы Алесь Каваленка 12 траўня правёў адзіночны несанкцыянаваны пікет на сталічнай плошчы Свабоды.
За гэта 11 ліпеня суддзя Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Наталля Чарапуха аштрафавала Алеся Каваленку на 20 базавых велічынь (420 рублёў).
Дарэчы, на пікет пенсіянер выйшаў з плакатам “Чыноўнікі суду, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі”. Сын спадара Алеся адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванні ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказу па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката. Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.
Усё гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і.
Бацька перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экземы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка. Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і зараз туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху добраўпарадкоўваецца.
Як распавёў НЧ Алесь Каваленка, днём 23 лістапада судовыя выканаўцы разам з міліцыянтамі спрабавалі патрапіць ў дом Каваленкаў, каб апісаць маёмасць. Але гаспадар не адчыніў веснікі і заявіў, што ягоны дом ужо арыштаваны. “Апроч таго, зараз судовая пастанова Наталлі Чарапухі знаходзіцца ў працэсе абскарджвання. Вось чаму я вам веснікі не адчыню, а калі пачнеце іх ламаць, будзеце мець справу з маёй аўчаркай”, — сказаў няпрошаным гасцям Алесь Каваленка.
У гэтай сітуацыі судовыя выканаўцы сышлі да суседзяў, каб засведчыць, што дзяржаўных службоўцаў не пусцілі ў дом Каваленкаў.