Пасля візіту судовых выканаўцаў Алесь Каваленка шпіталізаваны

З-за стрэсу, выкліканага наведваннем судовых выканаўцаў, грамадскі актывіст Алесь Каваленка апынуўся ў перадінфарктным стане і быў шпіталізаваны.

На здымку – Алесь Каваленка пад час пікетавання на плошчы Свабоды 12 траўня.

На здымку – Алесь Каваленка пад час пікетавання на плошчы Свабоды 12 траўня.

Нагадаем, што жыхар Бабруйска, актывіст Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры 68-гадовы Алесь Каваленка днём 23 лістапада не пусціў у свой дом судовых выканаўцаў, якія збіраліся апісаць маёмасць пенсіянера для аплаты адміністрацыйнага штрафу ў памеры 20 базавых велічынь (420 руб.).
Гэты штраф наклала на спадара Алеся суддзя Бабруйскага раёна і горада Бабруйска Наталля Чарапуха за тое, што 12 траўня ён правёў адзіночны несанкцыянаваны пікет на сталічнай плошчы Свабоды.
Пенсіянер выйшаў з плакатам «Чыноўнікі  суду, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі». Сын спадара Алеся адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванні ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказу па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката. Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.
Усё гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і. Бацька перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экзэмы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка. Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху добраўпарадкоўваецца.
Днём 23 лістапада судовыя выканаўцы разам з міліцыянтамі спрабавалі патрапіць ў дом Каваленкаў, каб апісаць маёмасць. Але гаспадар не адчыніў веснікі і заявіў, што ягоны дом ужо арыштаваны, а судовая пастанова Наталлі Чарапухі знаходзіцца ў працэсе абскарджвання. «Вось чаму веснікі Вам не адчыню, а калі пачнеце іх ламаць, будзеце мець справу з маёй аўчаркай», — сказаў няпрошаным гасцям Алесь Каваленка .
Судовыя выканаўцы сышлі да суседзяў, каб засведчыць, што дзяржаўных службоўцаў не пусцілі ў дом Каваленкаў. А вечарам 23 лістапада спадару Алесю стала кепска і з перадінфарктным станам ён быў шпіталізаваны.