Палітзняволеная журналістка Ірына Слаўнікава: Часам проста кажу, што я ў творчым адпачынку

Ад палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай дайшла вестка з-за кратаў. Яе былая калега па працы Анастасія Рубанава атрымала ад яе першы ліст.  

Палітзняволеная Ірына Слаўнікава

Палітзняволеная Ірына Слаўнікава


«Іра не губляе аптымізму, яна ў добрым настроі. Яна піша, што ў пакоі — яна не называе гэта камерай, яна выкарыстоўвае толькі гатэльную тэрміналогію, гэта для яе прынцыпова — яе прызначылі галоўнай за добры настрой, так што яна сабе не здраджвае ніяк. Іра таксама піша, што ні пра што не шкадуе, і рада, што затрымалі ўжо калі вярталіся, а не наадварот. Яшчэ Іра піша, што час ляціць вельмі хутка, усё распісана практычна па хвілінах», — распавяла Анастасія Рубанава Радыё Рацыя.
«Часам проста кажу, што я ў творчым адпачынку. Можа, яно і нядрэнна: апошнім часам штосьці зусім забегалася, а тут бац — і ўсё паводле распарадку», — піша Ірына.

Анастасія таксама кажа, што яна піша і іншым палітвязням, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі: «Віншавалі з Новым годам, жадалі ўсяго найлепшага, хутчэй сустрэцца ў новай Беларусі на волі. Так, з гэтымі людзьмі мы лістуемся, але, на жаль, не атрымліваем адказаў».
За кратамі ў Беларусі знаходзяцца каля 1000 чалавек, якія прызнаныя палітзняволенымі, і каля 30 з іх — гэта прадстаўнікі СМІ.