Байцы атрада «Пагоня» жывыя і знішчаюць тэрарыстаў на Данбасе
Супярэчлівая інфармацыя аб гібелі сябраў атрада «Пагоня» не пацвердзілася. Байцы і далей змагаюцца разам з украінскімі добраахвотнікамі ў зоне АТА.
Пра гэта паведаміла прадстаўніца дабраахвотніцкага фарміравання Таццяна Елавая: «Паводле апошніх звестак, забітых сярод байцоў «Пагоні» дакладна
няма. Частка нашых людзей знаходзіцца ў складзе ўкраінскага добраахвотніцкага батальёна на самай перадавой, але з імі, дзякуй Богу, усё добра».
Інфармацыя пра дванаццаць забітых беларусаў з'явілася блізу месяца таму. У пачатку жніўня гэтую лічбу агучыў журналіст Зміцер Лукашук са спасылкай на свае крыніцы. Інфармацыю пра забітых
сярод беларусаў непублічна падавалі і ўкраінцы з добраахвотніцкага батальёна. Далей гэтую лічбу растыражавалі ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Ёй жа скарысталіся зацікаўленыя асобы, каб
дыскрэдытаваць «Пагоню».
Тым не менш, Тацяна Елавая не адмаўляе, што падчас баявых дзеянняў маглі загінуць этнічныя беларусы: «Гэта не добраахвотнікі, якія прыехалі ў апошнія некалькі месяцаў з Беларусі,
але людзі, якія пастаянна пражываюць ва Украіне, маюць украінскае грамадзянства. Асобная размова — трагічныя падзеі «Ілавайскага катла». Там загінула альбо была
ўзятая ў палон велізарная колькасць людзей. Не выключаю, што сярод іх маглі быць і беларускія добраахвотнікі».
Атрад «Пагоня» быў створаны ў ліпені. Гэта фарміраванне грамадзян Беларусі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў шэрагах
украінскіх добраахвотных батальёнаў. Больш за 100 чалавек выказалі жаданне ўступіць у шэрагі атрада, аднак з меркаванняў бяспекі выбралі толькі дзесятую частку — правераных і надзейных людзей. «Пагоня» працягвае працу ў
фарміраванні і навучанні новых груп добраахвотнікаў. Усё забеспячэнне дзейнасці атраду здзяйсняецца са сродкаў, ахвяраваных беларусамі, перадусім беларускай дыяспарай.
belsat.eu