Беларусь пераможа, калі яе не кінуць яе ваяры
Гэты ліст мы атрымалі ад вязня Глыбокскай калоніі напачатку чэрвеня 2020 года. Але тады чарга на яго публікацыю так і не дайшла. Нам падалося, што зараз ён набывае асаблівую актуальнасць.
Цяпер добра бачна, што палітыкум суседніх Беларусі дзяржаў спрабуе скарыстацца з сітуацыі і падштурхоўвае нас зрабіць канчатковы геапалітычны выбар. Шматлікія беларусы гэтаксама лічаць, што нашая краіна раней ці пазней мусіць далучыцца альбо да Расіі, альбо да Еўрасаюза.
Разам з тым няма сумневу, што ўсе гэтыя людзі на пытанне, ці магчыма ўладальніку невялічкай крамкі з гадавым абаротам у некалькі дзясяткаў тысяч долараў стварыць такі сумесны бізнес з мільярдэрам першай сотні «Форбса», дзе ён мецьмець роўнае з апошнім права ўплываць на прыняцце рашэнняў, адкажуць адмоўна.
Парадаксальна, але калі вядзецца аб хаўрусе паміж краінамі, колькасць насельніцтва і ВУП якіх адрозніваюцца ў дзясяткі разоў, то бальшыня гэтых жа самых людзей даюць веры, што між гэтымі дзяржавамі магчымы раўнапраўны саюз.
Карысць ад канчатковага далучэння Беларусі да аднаго з бакоў відавочная хіба што для таго з іх, каму гэты крок дадасць геапалітычнай вагі. Уласна для самой Беларусі не ўсё так адназначна, як вынікае з яе гісторыі, дзе маецца досвед і еўрапейскай, і еўразійскай «інтэграцый».
ВКЛ — Рэч Паспалітая — Расійская імперыя — Краіна Саветаў
Еўрапейская інтэграцыя была першай, і працэс яе падрыхтоўкі расцягнуўся больш чым на паўтара стагоддзя: ад Крэўскай уніі, якая запачаткавала дынастычны хаўрус паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай, да Люблінскай уніі 1569 года, калі была створаная Рэч Паспалітая — Рэспубліка Абодвух Народаў.
Паводле ўмоваў Люблінскай уніі, Падолле (землі сучаснай Украіны) і этнічна роднаснае ліцвінам-беларусам Падляшша (абшар на захад ад Брэста) перадаваліся палякам наўзамен дапамогі ў вайне з Іванам Жахлівым, які, — таксама «інтэгруючы» нашых продкаў у Маскоўскае царства, — заліў крывёю палову ВКЛ.
Беларусам варта памятаць, што Лівонія, з-за якой і распачалася тады вайна, ратуючыся ад маскоўскага захопу, прасіла дапамогі менавіта ў Кароны Польскай. Але польскі кароль і адначасова вялікі князь літоўскі па намове польскіх магнатаў аддаў Лівонію пад пратэкцыю ВКЛ. Што і ўсклала на нашых продкаў увесь цяжар Лівонскай вайны і прыспешыла іх «еўрапейскую» інтэграцыю.
Адбіць маскоўскую агрэсію палякі тады дапамаглі. Але скарачэнне на іх карысць тэрыторыі і насельніцтва пацягнулі за сабой і скарачэнне напалову выстаўленага ліцвінскай шляхтай войска. Надалей супрацьстаяць маскоўцам самастойна, без польскай дапамогі, яно было не ў стане.
Цікава, што перадачу Рускага княства Польшчы тады дзейсна падрыхтавала русінская (украінская) шляхта. Нашчадкі якой праз палову стагоддзя зазналі такі гвалт польскіх магнатаў, што мусілі спрычыніцца да казацкіх антыпольскіх паўстанняў.
У сувязі з гэтым варта аддаць належнае сучасным палякам: падчас свайго прэзідэнцтва Аляксандр Кваснеўскі ад імя польскага народа выбачыўся перад украінцамі за сваіх продкаў, падаўшы гэтым прыклад шляхетнасці ў міжнароднай палітыцы.
Але ў часы пасля Люблінскай уніі яшчэ адным вынікам «еўрапейскай інтэграцыі» нашых продкаў сталася паланізацыя ліцвінскіх магнатаў і шляхты. Беларусы засталіся народам без уласнай эліты амаль на тры стагоддзі, і наступствы гэтага адчуваюцца ў нашым грамадстве і сёння.
Зазвычай лічыцца, што ВКЛ спыніла сваё існаванне ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай між Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Але мала хто ведае, што ініцыятарам падзелаў была еўрапейская дзяржава Прусія, а Вялікае Княства Літоўскае канчаткова знікла з палітычнай мапы свету яшчэ да апошняга, трэцяга з іх. Знікла ў выніку прыняцця Травеньскай Канстытуцыі 1793 года, якая скасоўвала асобныя Карону Польскую і Вялікае Княства і абвяшчала ўнітарную Рэч Паспалітую адзінай польскай нацыі. Няма сумневу, што калі б гэтая дзяржава працягнула сваё існаванне, сёння беларусы былі б сапраўдным еўрапейскім народам — палякамі.
Але было б вельмі памылковым лічыць, што згаданыя падзелы выратавалі нашых продкаў і нас ад паланізацыі. У іх выніку беларусы трапілі ў працэс, які можна назваць першай «еўразійскай» інтэграцыяй — яны сталі падданымі Расійскай імперыі. І месца паланізацыі заступіла русіфікацыя. «Вызваленыя ад польскага прыгнёту» сяляне-беларусы атрымалі ўзмацненне прыгону і рэкрутчыну — дваццаціпяцігадовую службу ў расійскім войску, чаго дагэтуль яны ўвогуле не ведалі.
Бадай, першым абавязкам кожнай дзяржавы ёсць абарона сваіх межаў і насельніцтва ад знешніх нападаў. У 1812 годзе расійскія войскі амаль без супраціву саступілі беларускія землі арміі Напалеона. Пасля той вайны нашым продкам засталіся абрабаваныя і згалелыя вёскі і мястэчкі і сотні тысячаў памерлых ад голаду і хваробаў.
Праз стагоддзе, у 1914, руская армія аддала ўжо нямецкім войскам палову Беларусі, папярэдне сагнаўшы казакамі ў бежанства да 80% насельніцтва.
Дзве расійскія рэвалюцыі, Першая сусветная, Грамадзянская і савецка-польская войны напачатку ХХ стагоддзя сталіся сапраўднай катастрофай для беларусаў і аддалі іх пад уладу таго, што можна назваць другой «еўразійскай» інтэграцыяй. Створаная ў межах Савецкай Расіі квазі-дзяржаўная БССР улучыла ў сябе толькі невялікую частку этнічных беларускіх тэрыторый.
Савецкі бальшавіцкі ўрад дзеля ўратавання сваёй улады не толькі ахвяраваў Заходняй Беларуссю на карысць адноўленай Польшчы. Населеныя беларусамі раёны адышлі наваствораным Літве, Латвіі і Украіне. Не была абдзеленая і Савецкая Расія, якая атрымала этнічныя беларускія Смаленшчыну, вялікія часткі Пскоўшчыны і Браншчыны. Да мільёнаў загінулых у войнах і рэвалюцыях беларусаў дадаліся мільёны гвалтам адарваных ад свайго народа.
Гісторыя паўтарылася і ў трэці раз, у часы Другой сусветнай вайны — савецкая армія аддала Беларусь пад фашысцкую акупацыю, што прывяло не толькі да жахлівага разбурэння гаспадаркі нашай Бацькаўшчыны і гібелі кожнага чацвёртага (трэцяга) жыхара. Па заканчэнні вайны Беларусь зноў зазнала тэрытарыяльныя і людскія страты — беларускую Беласточчыну аддалі Польшчы, а Віленшчыну падаравалі Літве.
Ці ўяўляем мы, сучасныя беларусы, разважаючы пра Беларусь як «кавалак зямлі», пра сабе як «невялікі народ», што нас пазбавілі мільёнаў квадратных кіламетраў этнічнай тэрыторыі і блізу дзесяцімільёнаў чалавек, якія, калі б гэтага не здарылася, сёння вызначалі б сябе беларусамі? Што «малодшымі братамі» мы сталіся адно дзякуючы еўразійскім — спачатку царска-рускай, а пасля і руска-савецкай — інтэграцыям?
Ці ўсведамляем мы, што ўся тая шматмільярдная наўпроставая і ўскосная дапамога Рэспубліцы Беларусь з боку Расійскай Федэрацыі цягам апошніх трох дзесяцігоддзяў — у першую чаргу плата за нашу адмову здзяйсняць беларусацэнтрычную нацыянальную палітыку? Мэта ўсіх гэтых выдаткаў, усіх палітыка-эканамічных і культурніцка-прапагандысцкіх захадаў РФ — не толькі сталае ўтрыманне нашай краіны ў сферы ўплыву «рускага міру». Галоўная задача — не дазволіць Беларусі стацца цэнтрам прыцягнення для роднага па крыві беларусам насельніцтва заходніх расійскіх абласцей.
Пагроза для Крамля
У некаторым сэнсе нацыянальная і незалежная Беларусь уяўляе для Крамля большую пагрозу, чым Украіна. Руйнуецца не толькі міф аб «триедином русском народе», гаворка ідзе пра захаванне цэласнасці ўласна рускага народа. Масква не можа дазволіць раптоўнага абуджэння генетычнай памяці насельніцтва Пскоўшчыны, Смаленшчыны і Браншчыны. Бо тады ўзнікае рызыка, што пра свае карані ўзгадае блізкае да эстонцаў і фінаў насельніцтва вакол Ноўгарада Вялікага. Жыхары Уладзіміра і Растова адчуюць роднаснасць з Мардовіяй. А заснаваная некалі марыйцамі-эрзя Эрзянь, што звыкла лічыцца старажытнарускай Разанню, пацягнецца да аўтаномнай рэспублікі Марый-Эл.
Што тады застанецца ад «славянскага» ядра Расіі і пазіцыянавання Масквы як збіральніцы «рускіх» земляў?Якой бы фантастычнай не падавалася магчымасць менавіта гэткага развіцця падзеяў, але зразумела, што Крэмль не можа дапусціць нават гіпатэтычнага шанцу з’яўлення якіх-кольвечы кратанняў у гэтым кірунку.Адзіным сродкам для Расіі гарантавана прадухіліць гэтую небяспеку ёсць канчатковая інтэграцыя Беларусі. І мы, беларусы, мусім цвёрда гэта ўсведамляць.
Было б глупствам вінаваціць суседнюю краіну ў тым, што яна кіруецца ўласнымі дзяржаўнымі інтарэсамі. Самы час паспрабаваць адкінуць ментальныя комплексы «краіны — малодшага брата Вялікай Расіі» і «краіны — ахвяры драпежніцкай Масквы». Нам варта пачаць нарэшце ўсведамляць сябе народам з патэнцыялам набыць з часам для сваёй дзяржавы нашмат большыя вагу і ўплыў ва Усходняй Еўропе.
Гэта не азначае, што Беларусь праз прызму расійскіх гістарыяграфіі і прапагандысцка-палітычнага наратыву, дзе цэнтрам ёсць адвечнае супрацьстаянне Расіі і варожага Захаду. Але гэтая варажнеча адно толькі знешні бок расійска-еўрапейскіх стасункаў. Іх гісторыя ўтрымлівае ў сабе шмат прыкладаў зусім іншага характару ад даўнейшых часоў і да нашых дзён.
Маскоўскі Крэмль і іншыя абарончыя збудаванні стваралі італьянскія дойліды. Генуэзцы ўзбройвалі самастрэламі (арбалетамі) яшчэ войска Дзмітрыя Данскога. І амаль ніхто не задаецца пытаннямі, адкуль у Івана Жахлівага з’явілася магутная артылерыя, якая ўшчэнт разнесла муры Полацка. І з чыёй дапамогай ён здолеў стварыць мадэрнае для таго часу стралецкае войска, узброенае найноўшай агняпальнай зброяй. Як у арміі Аляксея Міхайлавіча Цішайшага з’явіліся палкі іншаземнага ўзору, гэтак званых «царскіх немцаў». А пра тое, што без еўрапейскай дапамогі Пётр Першы не мадэрнізаваў бы армію і не збудаваў ад нуля флот, не ведае адно невук.
Чамусьці беларусы мала звяртаюць увагі, што хаўруснікамі Масквы ў шматлікіх войнах супраць нашых продкаў, апроч крымскіх татараў, выступалі аўстрыйскія імператары, уладары нямецкіх дзяржаў, датчане і шведы.Памятаючы пра гэта, нам варта разумець, што еўрапейскія хаўруснікі Расіі збольшага імкнуліся паслабіць уласна Польшчу, а нашым продкам даставалася праз «шчыльную інтэграцыю» з ёй.
Нельга забываць, што адным з важных чыннікаў правалу праекта пабудовы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе было адмоўнае стаўленне да яе з боку Нямеччыны, пад чыёй акупацыяй на той час была палова Беларусі з Мінскам улучна. Немцы не толькі не падтрымалі БНР, але і перашкодзілі дзейнасці па стварэнні яе інстытуцыяў. Рабілася гэта праз дамову нямецкага і бальшавіцкага ўрадаў, паводле якой Беларусь вызначылася зонай расійскага ўплыву.
Месца Беларусі і развітанне з ілюзіямі
Найвялікшая хіба — лічыць, што нібыта ў наш час нешта істотна памянялася ў сутнасці расійска-еўрапейскіх дачыненняў і месца Беларусі ў іх. Загінулы колькі гадоў таму ўплывовы чалец «кагорты крамлёўскіх тэлекілераў» Сяргей Дарэнка пісаў: «Правільнае разуменне Беларусі заключаецца ў тым, што яна ўсё-такі мяжуе з НАТА і канцэптуальна гэта ўсё-ткі лішнія 600–700 км да мяжы з НАТА… З іншага боку, з нашага пункту гледжання, і тут беларусам варта было б разумець гэта, Расія мяжуе наўпрост з Германіяй… Гэтыя два велізарныя хартленды, калі дазволіце, германскі і рускі, мяжуюць праз нейкія “пралівы”, пралівы цалкам сухапутныя. І Польшча, і Чэхія, і Славакія, і ўжо відавочным чынам Беларусь адносяцца да тэрыторыі “праліваў”, праз якія мы мяжуем з Германіяй. Таму любое слова з боку Германіі рускія ўспрымаюць як слова пра дыялог. Любое слова з боку Беларусі рускія не могуць успрымаць як частку дыялогу».
Памылковым з’яўляецца меркаваць, што ў адрозненне ад Расіі Германія больш схільная лічыцца з Беларуссю. Магчыма як заўгодна ставіцца да асобы Зянона Пазьняка, але вось што ён сказаў на гэты конт у размове з Лявонам Баршчэўскім: «Аднойчы, калі мы (партыя КХП-БНФ) ужо аб’явілі Ханса Георга Віка персонай нон-грата і раскрылі ягоную антыбеларускую ролю, ён прыслаў да мяне ў Варшаву свайго пасланца, з якім я меў доўгую гутарку. З падтэксту ўсёй інфармацыі вынікала, што, маўляў, пэўныя немцы зацікаўленыя, каб межы Расіі прысунуліся б пад Буг. Гэта напружыць Варшаву і прымусіць яе нервавацца наконт асвоеных нямецкіх тэрыторыяў. Беларусь тут — натуральны буфер, і немцам толькі замінае».
Каб паставіць кропку што да ілюзіяў наконт «Захад нам дапаможа», варта звярнуць увагу на словы Аляксандра Абуховіча: «В этом плане важна инициатива RAND Corp. и Фонда Эберта: образовать из Беларуси, Украины, Молдовы, Грузии, Армении и Азербайджана “нейтральную полосу” под совместным управлением РФ, США и ЕС. По крайней мере, чтобы избежать стрельбы в этой полосе. Им не до этих стран… Не существует внешнеполитической силы, которая могла бы помочь нам выбраться из тупика. В любом случае, выбираться придётся самим».
І адэптам еўразійскай інтэграцыі Беларусі, і прыхільнікам шляху Беларусі ў Еўропу належыць нарэшце ўсвядоміць, што і ў першым, і ў другім выпадках нашай краіне гарантаваная вельмі спецыфічная роля аднаго гумовага вырабу, які ўсцягвалі і працягнуць усцягваць на свае геапалітычныя інтарэсы і Усход, і Захад.
Самім беларусам любы выбар паміж гэтымі бакамі нясе толькі раскол у грамадстве, якім заўжды будуць карыстацца знешнія гульцы.
Шэсць стагоддзяў запар мы, беларусы, ніколі — падкрэсліваю, ніколі! — не былі поўнымі гаспадарамі на сваёй зямлі і мусілі калі не кіравацца інтарэсамі іншых дзяржаў і народаў, дык узгадняць з імі свае. І нашы нацыянальныя інтарэсы заўжды былі другаснымі.
Ці не прыйшоў час паспрабаваць нарэшце жыць сваім уласным розумам? Голасна артыкуляваць недалучэнне да якіх-кольвечы палітычных блокаў і аб’яднанняў і закласці ў Канстытуцыю непадробны нейтральны статус Беларусі. Гэта аніяк не перашкодзіць усталяваць роўныя і ўзаемакарысныя дачыненні з усімі без выключэння суседнімі дзяржавамі. Зрабіць Беларусь такой, каб яны самі імкнуліся захоўваць наш нейтралітэт.
Але стварыць гэткую краіну нашмат цяжэй за далучэнне да Усходу ці Захаду. Гэта шлях да праўдзівых сыноў і дачок беларускае зямлі, асобаў з вялікае літары. Якія не баіцца ісці сваім уласным курсам.
Сапраўды, калі асобныя людзі ці якая суполка заявяць, што бачаць Беларусь у шчыльным саюзе з Расіяй альбо ўвогуле ў яе складзе, то адшукаюць і палітычную, і маральную, і фінансавую дапамогу.
Не застануцца самотнымі і тыя, хто падасць голас за далучэнне Беларусі да Еўразвязу.
Разуменне і падтрымку маюць шанец займець прыхільнікі фемінізму і мульцікультуралізму, анархісты і эколагі, абаронцы правоў сексуальных меншасцяў і іншых на любы густ грамадска-палітычных плыняў сучаснасці.
Разлічваць на сябе
І толькі тыя, хто паспрабуе пабудаваць Беларусь, якая будзе пільнавацца не інтарэсаў і трэндаў Масквы, Бруселя ці Вашынгтона, а ўласных, маюць разлічваць адно на сябе. Гэта шлях сапраўдных мужных людзей.Гэта шлях ахвярнасці, стратаў і непаразуменняў. Бо першым крокам на ім ёсць пастанова заставацца ў Беларусі не зважаючы на ўсе неспрыяльныя варункі. Гэта азначае адкладанне на доўгі час альбо ўвогуле нездзяйсненне асабістых планаў у бізнесе ці творчасці, адукацыі ці ўлюбёнай справе. Наўпрост у прыватным жыцці. Усё гэта можа не стацца ў Беларусі. Шмат з гэтых асабістых мэтаў можа здзейсніцца за яе межамі.
Дык навошта заставацца ў краіне, дзе цябе не надта часам разумеюць не тое што чужыя людзі, а знаёмыя, сябры і нават сваякі?
У фільме «Мужнае сэрца» ёсць эпізод, у якім шараговыя шатландскія ваяры, бачачы шматлікасць і моц англійскага войска, што прыйшло іх скарыць, пачынаюць сыходзіць з поля бою яшчэ да бітвы. Маўляў, уцячэм і застанемся жывымі.
І тады нацыянальны герой Шатландыі Уолес, ролю якога выдатна выканаў у стужцы Мел Гібсан, спыніў уцёкі прыкладна гэткімі словамі: «Так, вы ўцячэце і застаняцеся жывымі. Пражывеце доўгае жыццё. Але потым, калі будзеце паміраць на схіле веку ў сваіх ложках, вы будзеце прагнуць толькі аднаго — вярнуцца сюды, на гэтае поле, адкуль вы збеглі, і загінуць на ім няскоранымі! Але ўжо не здолееце…»
Шатландцы засталіся — і перамаглі. Пераможа і Беларусь. Калі яе не кінуць яе ваяры.