Беларуса ва Украіне ўзнагародзілі медалём «За адвагу»
Ураджэнец Барысава Аляксандр Малчанаў ва Украіне ўзнагароджаны медалём "За адвагу".
![Фота: ex-Press.by Фота: ex-Press.by](/img/v1/images/mal4anau_0711_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: ex-Press.by
Як піша сайт ex-press.by, такім чынам хлопца адзначылі за ўдзел у баях на аўдзееўскім напрамку.
У каментары журналістам Малчанаў распавёў, што ў раёне прамзоны Аўдзееўка ён знаходзіўся з лістапада 2016-га па чэрвень 2017 года. "Удзельнічаў у баях за пазіцыю "Алмаз", прамым навядзеннем біў з СПГ-9 па танку сепаратыстаў. Пасля прамзоны утрымліваў адну з адваяваных у баевікоў ДНР пазіцый у раёне Данецкай фільтравальнай станцыі", — кажа баец.
Малчанаў — адзін з палітвязняў Плошчы-2010. Яго затрымалі ў Барысаве 6 студзеня 2011 года і абвінавацілі ў масавых беспарадках і ў абразе афіцыйнага дзяржаўнага сцяга, які ён сарваў з будынка КДБ. Тады хлопца асудзілі на тры гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з групай іншых палітвязняў Малчанаў быў памілаваны Лукашэнкам, хоць і не пісаў прашэння аб памілаванні.
Пасля вызвалення хлопец доўга не мог нікуды ўладкавацца на працу і зарабляў на жыццё зборам металалому. За збор металалому на тэрыторыі завода яго ў красавіку 2012 года асудзілі на паўтара года калоніі строгага рэжыму, абвінаваціўшы ў крадзяжы. На судзе Малчанаў сваёй віны ў крадзяжы не прызнаў: ён паведаміў, што не разбіраў абсталявання, а толькі збіраў іржавыя металічныя прадметы на тэрыторыі цэха, які шмат гадоў не працуе.
Пасля адбыцця пакарання Малчанаў пераехаў ва Украіну і паводле кантракту ўступіў ва Узброеныя сілы.
Дарэчы, у Беларусі яму за гэта пагражае крымінальны пераслед.