Беларуская інтэлігенцыя абурылася дэпартацыяй Жадана

Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-Цэнтр, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Калегіюм ды «Лятучы Універсітэт» выступілі з супольнай заявай сёння днём.

278043.jpg

Сяргей Жадан


Прыводзім тэкст публічнай заявы цалкам:
У ноч з 10 на 11 лютага 2017 года праваахоўнымі органамі Беларусі ў нумары мінскага гатэлю “Юбілейны” быў затрыманы вядомы ўкраінскі пісьменнік Сяргій Жадан, які прыехаў узяць удзел у VI Міжнародным паэтычным фестывалі памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце”.
З фармулёўкай “за причастность к террористической деятельности” Сяргій Жадан быў змешчаны ў міліцэйскі пастарунак, дзе правёў рэшту ночы. Выніковым рашэннем міліцыі сталася забарона пісьменніку на ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь на нявызначаны тэрмін і патрабаванне пакінуць межы краіны цягам 72 гадзін.
Падставай для затрымання і дэпартацыі Сяргія Жадана было названае пагадненне паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй, паводле якога асобы, «непажаданыя» для ўезду ў РФ, аўтаматычна з'яўляюцца персонамі нон-грата і ў Беларусі.
Выказваем абурэнне з прычыны ганебнага затрымання паважанага госця і даўняга сябра Беларусі Сяргія Жадана. Перакананыя, што падобныя дзеянні ўладаў сведчаць пра несамастойнасць у прыняцці важных рашэнняў, якія не толькі не адпавядаюць інтарэсам незалежнай Беларусі, але і наносяць непапраўную шкоду іміджу нашай суверэннай дзяржавы, а таксама ставяць пад пытанне ролю Беларусі як нейтральнай пляцоўкі для перамоваў у расійска-ўкраінскім канфлікце.
Звяртаемся да кампетэнтных органаў дзяржаўнай улады з патрабаваннем скасаваць рашэнне аб дэпартацыі і забароне на ўезд Сяргію Жадану, выказаць яму афіцыйныя прабачэнні і зрабіць адпаведныя захады для прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучым.
Саюз беларускіх пісьменнікаў
Беларускі ПЭН-Цэнтр
Беларуская асацыяцыя журналістаў
Беларускі Калегіюм
«Лятучы Універсітэт»
Паводле прэс-рэліза СБП