Беларускія ўлады — не толькі ўнутраная праблема краіны. Ім удалося выйсці на рэгіянальны еўрапейскі ўзровень

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» разважае пра магчымы суд «Беларуськалія» з Літоўскімі чыгункамі ды  пра тое, што за час манеўраў у вачах краін-суседак узровень праблемнасці беларускіх уладаў моцна вырас.  

— Усё ж такі не атрымалася пакуль у “Беларуськалія” праскочыць праз літоўскія санкцыі. Тры кампаніі, якія падалі заяўкі на перавозку ўгнаенняў па літоўскай чыгунцы, учора атрымалі адмову. А літоўскі міністр замежных спраў сказаў, што яны арганізавалі свае санкцыі такім чынам, што і далей іх абыходзіць, мабыць, не атрымаецца.

1 лютага наступіць ужо ў панядзелак і штосьці пакуль не заўважна, каб у беларускіх уладаў атрымалася знайсці сабе хоць якую-небудзь альтэрнатыву.

“Беларуськалій”, праўда, прыгразіў падаць у суд на Літоўскія чыгункі. І я цалкам гатовы дапусціць, што ў яго ёсць сур'ёзныя юрыдычныя аргументы. Таму што кантракт сапраўды разарвалі і страты сапраўды нанеслі. І, як я падазраю, тлумачэнне наконт інтарэсаў нацыянальнай бяспекі можа аказацца крыху ўразлівым.

Вось толькі з міжнароднымі судамі ёсць адна маленькая праблема — яны і ў звычайных абставінах не схільныя да таго, каб спяшацца. Вядома, калі б “Беларуськалій” сёння падаў свой пазоў у суд Чыгуначнага раёна Гомеля, то ён бы перамог яшчэ ўчора. Але суды, якія знаходзяцца па-за беларускай юрысдыкцыяй, не навучыліся пакуль карыстацца формулай «не да законаў».

А калі справа ўсё ж такі дойдзе да прымянення гэтай універсальнай юрыдычнай формулы, то ў беларускіх уладаў ёсць усе шанцы выпрабаваць яе на сабе.

Вось польскі суд учора не проста адмовіўся выдаць Сцяпана Пуціла. Ён гэта зрабіў з такой фармулёўкай, якую ў беларускім тэлевізары немагчыма нават і паўтарыць. Гэта значыць, рэпутацыя беларускіх уладаў дасягнула ўжо такога ўзроўню, калі нават суды адмаўляюць ім у такой форме, якая абразлівая для гонару і годнасці.

Тым больш, што ўчора з'явіліся трывожныя для беларускіх уладаў перспектывы зніжэння ўзроўню геапалітычнага напружання. ЗША перадалі Расіі свае прапановы адносна дыпламатычнага ўрэгулявання наяўных рознагалоссяў. І тут сутнасць — не ў прапановах, зместу якіх мы з табой усё роўна не ведаем. А ў тым, што бок, які робіць гэтыя прапановы, прынцыпова не стаў іх апублікаваць. Гэта значыць, расійскія ўлады могуць зрабіць выгляд, што яны трошачкі перамаглі і, не занадта страціўшы твар, плаўна скончыць з пагрозлівымі манеўрамі.

І, вядома, калі старэйшы саюзнік скарыстаецца гэтай магчымасцю, то практычная каштоўнасць малодшага ў яго вачах упадзе. Затое, у вачах усіх астатніх суседзяў узровень праблемнасці беларускіх уладаў за час манеўраў моцна вырас. І жаданне вырашыць гэтую праблему, як я сабе падазраю, таксама. Таму што гэта раней беларускія ўлады былі выключна ўнутранай беларускай праблемай. А за апошні год ім упэўнена ўдалося выйсці на рэгіянальны еўрапейскі ўзровень.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: