Амбасадар ЗША прывёз у МЗС Расіі адказ на патрабаванні аб гарантыях бяспекі

Амбасадар ЗША ў Маскве Джон Саліван увечары 26 студзеня прывёз у МЗС Расіі пісьмовы адказ Вашынгтона на расійскія патрабаванні аб так званых «гарантыях бяспекі».

Пасол ЗША ў Расіі Джон Саліван. Фота: «Bloomberg»

Пасол ЗША ў Расіі Джон Саліван. Фота: «Bloomberg»


Пра гэта першапачаткова паведамілі СМІ, а пасля інфармацыю пацвердзіла і расійскае знешнепалітычнае ведамства. У паведамленні на яго сайце гаворыцца, што Джона Салівана па яго просьбе прыняў намеснік міністра Аляксандр Грушко.
«Падчас сустрэчы кіраўнік амерыканскай дыпмісіі перадаў пісьмовы адказ адміністрацыі ЗША на раней прадстаўлены расійскім бокам праект двухбаковай дамовы аб гарантыях бяспекі», — гаворыцца на сайце.
Амерыканскі дыпламат адмовіўся ад каментароў журналістам як па прыездзе, так і пасля наведвання расійскага МЗС, адзначае ТАСС. Паводле звестак расійскіх агенцтваў, знаходжанне Салівана ў МЗС Расіі доўжылася каля паўгадзіны.
«Голас Амерыкі» паведаміў, што неўзабаве перад журналістамі ў Вашынгтоне выступіць дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.
У праекце двухбаковай дамовы, перададзенай Расіяй ЗША ў сярэдзіне снежня, амерыканскаму боку сярод іншага прапануецца: узяць на сябе абавязкі аб недапушчэнні пашырэння NATO на ўсход, спыніць вайсковае супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі, прыбраць з тэрыторыі Еўропы сваю ядзерную зброю і не размяшчаць там ударных сістэм, здольных пагражаць Расіі. Усяго ў праекце дамовы восем артыкулаў.
Расійскі праект дамовы быў апублікаваны на сайце МЗС РФ неўзабаве пасля перадачы яго амерыканцам. Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў аб гатоўнасці апублікаваць і амерыканскую рэакцыю, аднак у Дзярждэпартамэнце ЗША папрасілі гэтага не рабіць. Паводле слоў Сяргея Лаўрова, пасля атрымання адказу амерыканскага боку МЗС Расіі і іншыя кампетэнтныя ведамствы прадставяць прэзідэнту Уладзіміру Пуціну прапановы па далейшых кроках у сферы бяспекі.
Візіт Салівана ў МЗС Расіі адбыўся на фоне абвастрэння напружанасці паміж Расіяй і Украінай і занепакоенасці ЗША і іх саюзнікаў наконт магчымых ваенных дзеянняў з боку Масквы.
Паводле інфармацыі заходняй выведкі, Расія за апошнія месяцы засяродзіла каля межаў Украіны да ста тысяч сваіх вайскоўцаў, як мяркуецца, рыхтуючы ўварванне на тэрыторыю гэтай дзяржавы.