Беларускім аператарам забаранілі спаміць абанентаў смскамі

Беларусы будуць атрымліваць менш СМС-спаму. Гэта вынікае з паправак, унесеных у правілы аказання паслуг электрасувязі пастановай Саўміна №518 ад 12 ліпеня 2017 года.

Фота: Mirror

Фота: Mirror

Ад гэтага дня ў беларускім заканадаўстве з'явіўся такі панятак, як рассылка СМС-паведамленняў. Урад вызначыў правілы, па якіх аператары сувязі могуць рабіць рассылку сваім кліентам.
Напрыклад, цяпер яны могуць рассылаць смскі толькі з указаннем нумара, які дазваляе вызначыць адпраўшчыка. На тое, каб даслаць паведамленне, патрабуецца атрымаць папярэднюю згоду абанента.
Па заяве абанента аператар павінен бясплатна спыніць СМС-рассылку з названага абанентам нумара. Выключэнне — паведамленні аператара аб паслугах электрасувязі і паведамленні, якія адпраўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам. Напрыклад, папярэджанні ад МНС.
Аператар сувязі зможа падпісаць абанента на дадатковыя паслугі (і платныя, і бясплатныя) толькі са згоды абанента. А гэта значыць — ці праз заключэнне дадатковага пагаднення да дамовы ў пісьмовай форме, ці праз іншыя дзеянні абанента, якія дазволяць дакладна вызначыць яго згоду на атрыманне паслуг. Пра падобную ініцыятыву ў дачыненні інтэрнэт-правайдараў нядаўна распавядалі прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Паводле euroradio.fm