Беларусы просяць зрабіць рэдкі цеплавоз гістарычным помнікам
Адпаведная петыцыя з'явілася на сайце Petitions.by.
Беларусы склалі петыцыю за захаванне цеплавоза ТЭП60-0429, які з’яўляецца апошнім у свеце дзейным лакаматывам серыі ТЭП60. Як стала вядома, беларуская чыгунка плануе спісанне гэтага цеплавоза.
«Мы просім дзеля захавання гістарычнай спадчыны і памяці пра працу шматлікіх чыгуначнікаў, якія працавалі на лакаматывах гэтай серыі, захаваць дадзены экзэмпляр лакаматыва ў якасці помніка.
На большасці вузлавых станцый Беларускай Чыгункі даўно былі ўсталяваныя помнікі-паравозы, дзякуючы якім захоўваецца памяць пра існаванне калісьці на чыгунцы паравознай цягі. Гэтыя помнікі выклікаюць цікавасць з боку многіх людзей, у тым ліку ў маладога пакалення, і ў турыстаў. Таксама захаванне гістарычных лакаматываў вылікае ў нас пачуццё павагі да Беларускай Чыгункі, якая захоўвае цікавыя і каштоўныя аб’екты, якія сведчаць пра мінулае.
Цяпер прыйшоў час, калі з эксплуатацыі выводзяцца серыі цеплавозаў, якія, як, напрыклад, ТЭП60, з’яўляецца цікавым помнікам прамысловага дызайну сярэдзіны ХХ стагоддзя, а іх выгляд уяўляе эстэтычную і гістарычную вартасць. Таму мы лічым, што варта захаваць апошні дзейны лакаматыў ТЭП60 у якасці помніка», — гаворыцца ў петыцыі.
У якасці месца для ўсталявання такога помніку аўтары прапануюць станцыю Крулеўшчына Віцебскага аддзялення Беларускай Чыгункі. У адрозненне ад большасці вузлавых станцый, тут ніколі не быў усталяваны паравоз-помнік. На тэрыторыі, прылеглай да пасажырскага будынка станцыі, ёсць месца, дастатковае, каб размясціць лакаматыў.
Населены пункт Крулеўшчына ўзнік у пачатку ХХ стагоддзя як станцыя Балагое-Сядлецкай чыгункі, а яго ўзнікненне, развіццё і ператварэнне ў значнае па памерах паселішча адбылося выключна дзякуючы наяўнасці тут чыгуначнай станцыі. На працягу больш як ста год існавання чыгуначнага вузла ў Крулеўшчыне на станцыі і іншых арганізацыях чыгункі працавалі тысячы людзей, многія з якіх вызначыліся стараннай працай і вайсковымі подзвігамі ў часы І і ІІ Сусветных войнаў. Лакаматывы ТЭП60 запомніліся жыхарам Крулеўшчыны, бо з 80-х гадоў ХХ стагоддзя да 10-х гадоў ХХІ стагоддзя абслугоўвалі шматлікія пасажырскія цягнікі, якія праходзілі праз Крулеўшчыну і звязвалі гэты населены пункт з рознымі гарадамі.
Прачытаць поўны тэкс петыцыі і падпісаць яе можна на сайце. На дадзены момант петыцыя сабрала 285 подпісаў.