“Белая Русь” і спартоўцы мілейшыя за мову і культуру
ТБМ і Згуртаванне Беларусаў свету будуць плаціць за арэнду ў 10 разоў больш за “Белую Русь” і Алімпійскі камітэт. Урад скараціў больш чым у два разы спіс некамерцыйных арганізацыяў, якія маюць права на ільготную аплату арэнды.
Фота: labadzenka.by
Сярод арганізацыяў, якіх пазбавілі льготаў, апынуліся Таварыства Беларускай мовы і Згуртаванне Беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Пры гэтым плаціць за арэнду ў 10 разоў менш па-ранейшаму могуць такія арганізацыі, як праўладны Беларускі саюз журналістаў, грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, Нацыянальны алімпійскі камітэт ды Камуністычная партыя Беларусі.
30 красавіка Савет Міністраў Беларусі зацвердзіў новы спіс арганізацыяў, у адносінах да якіх дзейнічае паніжальны каэфіцыент 0,1 пры аплаце арэнды за памяшканні. Калі ў ранейшым спісе было 451 НДА, то цяпер іх стала 195 — паведамляе Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў Беларусі. У спісе пераважаюць спартовыя, экалагічныя ды грамадскія арганізацыі, кшталту федэрацыі гольфу, настольнага тэнісу, біятлёну, дзіцячых чарнобыльскіх ініцыятываў ды аб'яднанняў ветэранаў.
Акрамя Таварыства беларускай мовы Згуртавання беларусаў свету ільготаў пазбавілі аб’яднанне донараў крыві “Кропля жыцця”, Грамадскае аб’яднанне летувісаў “Тэвінэ” Грамадскую арганізацыю “Беларускі фонд SOS – Дзіцячая вёска”. Ніводнай беларускай культурна-асветніцкай арганізацыі ў спісе льготнікаў не засталося.