Беларускія валанцёры: колькасць тых, хто прыходзіць па дапамогу, змяншаецца

Праца валанцёраў “Беларускай Праваабарончай Гуманітарнай Місіі ва Украіне” ў Харкаве ідзе сваёй чарадою: 13 ліпеня ў новай змены беларусаў прайшоў першы працоўны дзень на “Станцыі Харкаў”.



harkau_misia_2015_07_13_1_2.jpg

Настасся з Анісіяй пакуль займаюцца раздачай вопраткі, а Віталь з Сяргеем дапамагалі насіць рэчы. Часам здараецца, што прыходзіць маці з дзіцем, і не разлічваюць, што гуманітарнай дапамогі будзе столькі. Зразумела, што да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту ісці некалькі кварталаў з дзіцем і пакункамі — не зусім зручна. У такім выпадку нашы мужчыны прапаноўваюць сваю дапамогу.

Рэдкі выпадак — калі ў зале няма наведвальнікаў. Калегі кажуць, на мінулым тыдні такога не было: тады па дапамогу звярнуліся 282 сям’і (760 чалавек), да таго ж 111 сем’яў (212 чалавек) прыйшлі на “Станцыю Харкаў” упершыню. — Гэта больш чым звычайна? — цікавімся мы ў рэгістратараў Станция "Харьков".  Не, пачынаючы з лютага, колькасць тых, хто прыходзіць упершыню, паступова змяншаецца. Канешне, ёсць сувязь з актывізацыяй баявых дзеянняў — тады паток вырастае. Мы ставім перасяленцаў на ўлік, і потым яны перыядычна прыходзяць за дапамогай. Звычайна, колькасць трымаецца на аднолькавым узроўні. Выключэнне — калі прыходзіць вялікая партыя гуманітаркі, напрыклад, у траўні, ад ААН. Мы тады разаслалі 1500 sms ( такім чынам інфармуем людзей). Вось тады было вельмі напружана.

 Ужо неаднаразова ў дзённіку місіі распавядалася пра лёсы людзей, якія дапамагаюць перасяленцам з зоны АТА. Але пад час працы валанцёры сустракаюцца і з абсалютна палярнымі персанажамі. Гэта людзі, якія прыходзяць на станцыю, зусім не па дапамогу і не дапамагаць. Сквапнасць гэтых людзей пераходзіць усе межы. Па словах пастаянных валанцёраў такіх людзей на дзень выпадае ад 1 да 3.

Найбольш абурыла гісторыя, сведкамі якой мы з'яўляліся: адна кабета, абвешаная золатам, выбіраючы сабе дзясятую пару рэчаў, размаўляе па тэлефоне: "А? Приезжай, тут вещи бесплатно раздают. Да, хорошие. Да такси возьми и приедь!" Убачыўшы новага валанцёра яны бягуць да яго, каб урваць нешта яшчэ. Мала таго, што такія людзі бяруць непатрэбныя ім рэчы ( кажуць, былі выпадкі ў далейшым продажу гэтых рэчаў ), займаюць час, месца, марнуюць нервы валанцёраў. Перыядычна замест удзячнасці ад іх чуецца хамства, зло, і, нават, праклёны... У той жа час здараюцца і адваротныя выпадкі. Напрыклад, вось што мы бачылі на ўласныя вочы: маладая маці з маленькай дачкой, абіраюць вопратку. У мяшочку ўжо ёсць камплект для немаўляці, жаночая сарочка і сукенка для дзяўчынкі. Заўважыўшы яшчэ адну сукенку дачка папрасіла ўзяць і яе, на што мама адказала: "Зайка, нужно выбрать одно платьице из двух, ведь другой девочке оно может оказаться нужнее, чем тебе." Высновы напрошваюцца самі сабой.

Даведацца больш пра надзённую працу арганізацыі "Станцыя Харкаў" і беларускіх валанцёраў можна ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы арганізацыі “Станцыя Харкаў” у Facebook

spring96.org