Блогеру Уладзіміру Цыгановічу (MozgON) прад'явілі новае абвінавачанне
Палітвязню Уладзіміру Цыгановічу прад'явілі новыя абвінавачанні. Пра гэта ён змог паведаміць, знаходзячыся ў СІЗА-1 (вул. Валадарскага, Мінск), піша spring96.org.

Уладзімір Цыгановіч
Цыгановіч перадаў з СІЗА-1 запіску, дзе паказаў, што яму прад'явілі абвінавачанні паводле ч.2 арт. 13 і арт. 293 КК РБ («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). «Допытаў, па сутнасці, няма, хоць па справе працуюць каля 50 следчых», — адзначае ён у запісцы.
Цыгановічу незразумелыя гэтыя абвінавачванні, бо падчас «масавых беспарадкаў» (жнівень 2020 года) ён ужо знаходзіўся ў СІЗА-1. Затрыманы ён быў 9 чэрвеня 2020 года і першапачаткова абвінавачваўся па ч 2. арт 342 КК РБ («Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), што следства звязвае са «справай Ціханоўскага». Але Цыгановіч адзначае, што да гэтай справы не мае ніякага дачынення.

Уладзімір Цыгановіч лічыць, што новыя абвінавачанні яму былі высунутыя для таго, каб «не выпускаць» яго з СІЗА-1 (санкцыя ўтрымання пад вартай падчас следства па артыкуле 342 КК РБ складае паўгода, якія скончыліся ў снежні 2020 года). Акрамя таго, ён упэўнены, што крымінальны пераслед — гэта помста за крытыку дзяржаўных органаў. Бо Цыгановіч таксама вядомы як блогер MozgON, і на сваім youtube-канале ён размяшчаў рэпартажы, дзе крытыкаваў (як ён сам адзначае) сацыяльна-эканамічныя праблемы ў Беларусі.

У перададзенай запісцы Цыгановіч таксама паказаў, што ў дачыненні да яго відэаролікаў ужо правялі псіхолага-лінгвістычную экспертызу. Акрамя таго, датычна самога блогера на працягу месяца праводзілася псіхіятрычная экспертыза ў РНПЦ псіхічнага здароўя.
Нагадаем, Уладзімір Цыгановіч быў затрыманы 9 чэрвеня для адбыцця 15-сутачнага арышту, вынесенага яшчэ ў сакавіку 2020 года. 15 чэрвеня адбыўся чарговы суд над блогерам, які пакараў Уладзіміра Цыгановіча дадатковымі 15 суткамі. 26 чэрвеня яго перавялі ў СІЗА-1 і пазней прад'явілі абвінавачанні па «справе Ціханоўскага». 29 чэрвеня 2020 года праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.