Пачалі судзіць хлопца, які кінуў металічную трубу ў вадамёт. Пацярпелыя не маюць патрабаванняў
У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 23 лютага пачаўся судовы працэс над 26-гадовым палітвязнем Яўгенам Дзмітрыевым, якога абвінавачваюць паводле ч.1 арт. 342 і арт. 364 Крымінальнага кодэкса за падзеі 4 кастрычніка, калі быў зламаны вадамёт.
Справу разглядае суддзя Юлія Густыр, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Мінска Арцём Цвяткоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя кіроўцы вадамёта Мікалай Глухатарэнка і Яўген Лашкоўскі.
Паводле абвінавачвання, Яўген Дзмітрыеў 4 кастрычніка быў на несанкцыянаваным мерапрыемстве, дзе стаяў у счэпцы з іншымі грамадзянамі, выходзіў на праезную частку, г. зн. прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Пры гэтым, знаходзячыся на праезнай частцы па праспекце Машэрава, ён актыўна падтрымаў дзеянні асоб, якія наносілі ўдары рукамі і нагамі, а таксама кідалі розныя прадметы ў службовы транспартны сродак — вадамёт «Iveco». Абвінавачаны ў мэтах перашкоджання законнай дзейнасці праваахоўнікаў, а таксама з помсты за выкананне імі сваіх службовых абавязкаў кінуў у вадамёт з супрацоўнікамі міліцыі неўстаноўлены прадмет (арт. 364 КК).
Пасля гэтага Яўген Дзмітрыеў працягнуў удзельнічаць у пратэстным мерапрыемстве: выкрыкваў розныя лозунгі і рухаўся, у тым ліку ў счэпцы, па праспектах Пераможцаў, Машэрава, Пушкіна, Жукава і Дзяржынскага, а таксама па вуліцах Каліварыйскай і Прытыцкага ў горадзе Мінску. Сваімі дзеяннямі нібыта блакаваў шляхі транспартных камунікацый і парушыў працу грамадскага транспарту.
Яўген Дзмітрыеў віну па арт. 364 КК не прызнаў, а па арт. 342 — прызнаў цалкам.
Ён распавёў у судзе, што даведаўся аб планаваным 4 кастрычніка мітынгу ў тэлеграм-канале «Нехта», выйшаў падтрымаць народ супраць прымянення гвалту ў дачыненні да затрыманых і зняволеных. На праспект Машэрава прыехаў вадамёт. Яўген Дзмітрыеў быў на эмоцыях, узяў металічную трубу і кінуў у напрамку вадамёта — у заднюю частку цыстэрны.
Затым падняў трубу і паклаў разам са смеццем. Праз 100 метраў стаў ў счэпку з іншымі людьмі. Быў затрыманы ў той жа дзень каля свайго дома.
На судзе былі дапытаныя пацярпелыя
Камандзір 1-ай групы тэхнічнай часткі Мікалай Глухатарэнка 4 кастрычніка кіраваў устаноўкай на бартавым кампутары вадамёта. Паступіў загад ад кіраўніцтва, пасля чаго яны з калегам паехалі да стэлы, рухаліся па праспекце Пераможцаў.
Іх спецтранспарт быў адзін, пазначаны чырвонымі і сінімі маякамі і гучнагаварыцелем. Паводле слоў пацярпелага, неаднаразова былі выказаныя патрабаванні да грамадзян разысціся, але ніхто іх не выконваў.
Мікалай Глухатарэнка бачыў, як людзі кідалі бутэлькі з вадой, камяні ў вадамёт, аднак спецтранспарт мае бронешкло, краты, цыстэрна з вадой металічная. Пацярпелы не адчуваў пагрозы свайму жыццю і здароўю ад дзеянняў людзей, не баяўся.
«Хтосьці адкрыў бакавыя адсекі аўтамабіля і пачаў тузаць краны. Вада пачала біць фантанам у паветра. Давялося пакінуць участак», — распавёў Мікалай Глухатарэнка.
Ён адзначыў, што абвінавачанага сярод гэтых людзей не назіраў, кідка металічнай трубой не бачыў, ніякіх патрабаванняў да яго не заяўляе, у тым ліку аб кампенсацыі маральнай і іншай шкоды. Таксама не настойвае на пакаранні.
Наступным быў дапытаны кіроўца вадамёта Яўген Лашкоўскі.
Ён распавёў, што перад спецтранспартам выйшаў «мужчына ва ўзросце», а злева быў аўтамабіль. Іншы мужчына падбег і рукой разбіў люстэрка задняга бачання, туды ж прыляцеў камень. Атрымалася, што пацярпелы не бачыў левую частку вадамёта, у гэты момант адчынілі дзверцы бакавога адсека і вывелі з дзеяння ўстаноўку. У мужчыну ва ўзросце была ўжытая бруя вады.
Яўген Лашкоўскі таксама не адчуваў боязі за сваё жыццё і патрабаванняў да абвінавачанага не мае.
У судовым пасяджэнні абвешчаны перапынак да 10.00 раніцы 24 лютага.
spring96.org