БСДП: Перад выбарамі ўлада хоча закрыць у краіне палітычныя партыі

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выступіла з адмысловай заявай наконт зменаў у закон «Аб палітычных партыях».

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__1_.jpg

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць, што змены ў закон “Аб палітычных партыях” істотна пагаршаюць умовы працы палітычных арганізацый.

Прапанаваныя змены ў Закон не з’яўляюцца прагрэсіўнымі, — гаворыцца ў заяве, — і БСДП лічыць, што яны накіраваныя на закрыццё палітычных партый напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2024 годзе

“Бар’еры ў выглядзе павелічэння колькасці заснавальнікаў з 1 тысячы чалавек да 5 тысяч чалавек (у 5 разоў); патрабаванне мець арганізацыйныя структуры ў ⅓ раёнаў кожнай вобласці; ⅓ зарэгістраваных раённых арганізацый у сталіцы, а таксама мець усе зарэгістраваныя абласныя (Мінскую гарадскую) арганізацыі; прадаставіць поўны спіс членаў партыі у дзяржаўныя органы — накіраваныя, на нашую думку, на скасаванне існуючай партыйнай сістэмы, якая грунтуецца на плюралізме палітычных ідэалогій”.


БСДП адзначае, што у выпадку прыняцця зменаў у Закон “Аб палітычных партыях” беларускія грамадзяне “будуць пазбаўленыя магчымасці законна выказваць сваю адрозную ад улады пазіцыю праз палітычныя аб’яднанні, як гэта гарантавана Канстытуцыяй”.

Таму прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) заклікае дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў устрымацца ад прыняцця зменаў у Закон. Да таго ж БСДП прапануе “стварыць грамадскую камісію з ліку прадстаўнікоў выканаўчай улады, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікоў палітычных партый для распрацоўкі зменаў у Закон, які б даваў магчымасці выкарыстоўваць палітычныя партыі для барацьбы за ўладу законнымі спосабамі”.