«У 2024 годзе Беларусь завершыць пераход да аднапартыйнай сістэмы»

Палата прадстаўнікоў 25 студзеня ў двух чытаннях прыняла закон «Аб змяненні законаў аб дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў».

pwa_list_rect_1280_a013edd5d87db2c9f01f32583669e550.jpg


У лістападзе мінулага года старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзь Давыдзька патлумачыў, што стаў ініцыятарам гэтага законапраекта, паколькі «свет губляе дэмакратыю з-пад увагі» і прапанаваў «даць больш свабоды для палітычнага самавыяўлення», каб у Беларусі не паўтарыліся падзеі 2020 года.

Цяпер, калі законапраект прыняты, палітычныя партыі і грамадскія аб'яднанні будуць працаваць паводле новых патрабаванняў. Што зменіцца?

  • Для стварэння палітычнай партыі спатрэбіцца пяць тысяч чалавек (раней была тысяча). Заснавальнікамі гэтых партый могуць стаць толькі грамадзяне Беларусі, якія стала пражываюць у краіне.
  • Ячэйкі партыі павінны быць у кожным абласным горадзе і Мінску, а таксама ў кожным трэцім раёне і горадзе абласнога падпарадкавання. Максімальнае ахвяраванне ў год ад адной арганізацыі або аднаго чалавека абмежавалі тысячай базавых велічынь (37 тысяч беларускіх рублёў).
  • Усе ўжо існуючыя партыі на працягу шасці месяцаў павінны прайсці перарэгістрацыю згодна з новымі патрабаваннямі.
  • Ліквідаваць партыю змогуць «у выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай законам дзейнасці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадскім інтарэсам», а таксама за фінансаванне з замежных крыніц.

У пачатку студзеня гэтага года палітык Андрэй Дзмітрыеў пісаў пра наступствы ў выпадку прыняцця прапанаваных правак у гэты законапраект.

— Апазіцыйных партый не будзе ў Беларусі ніякіх. Застанецца дэ-факта адна «партыя ўлады», падзеленая дэ-юрэ на дзве-тры зарэгістраваныя, якім дазволяць мець арандаваныя памяшканні ў раёнах. Таму што ўмоўна «левая» КПБ і ўмоўна «правая» ЛДП у цяперашняй сістэме каардынат нічым адна ад адной не адрозніваюцца. Не важна, што там запісана ў іх праграмах, іх адзіная функцыя — падтрымліваць з розных бакоў пастановы Лукашэнкі.

Такім чынам, у 2024 годзе Беларусь завершыць пераход да аднапартыйнай сістэмы. А чым такая сістэма скончылася 30 гадоў таму — мы добра памятаем.

Паводле «Салідарнасці»